Трамп пасля замаху вырашыў перапісаць сваю прамову для з'езду рэспубліканцаў

Дональд Трамп пасля замаху

Дональд Трамп пасля замаху / Reuters

Дональд Трамп вырашыў перапісаць сваю прамову, з якой ён плануе выступіць на з'ездзе Рэспубліканскай партыі. У канцы тыдня на з'ездзе партыі ў Мілуокі (штат Вісконсін) яго павінныя афіцыйна вылучыць кандыдатам у прэзідэнты. Трамп ужо прыбыў у Мілуокі.

"Прамова, з якой я збіраўся выступіць, мусіла стаць бомбай", — сказаў Трамп. І калі б не замах, то ён, з ягоных словаў, сказаў бы "адну з самых сваіх неверагодных прамоваў". Ён удакладніў, што хацеў у асноўным казаць пра недахопы палітыкі Байдэна. Але "цяпер гэта будзе зусім іншая прамова".

"Гэта магчымасць аб'яднаць краіну. Мне такую магчымасць далі", — сказаў Трамп. Ён даў першае пасля замаху інтэрв'ю выданню Washington Examiner. Цытаты прыводзіць ВВС. Пазней па дарозе ў Мілуокі ён таксама пагутарыў з журналістамі New York Post. Журналісты адзначылі, што Трамп носіць белую павязку, якая закрывае яго правае вуха. Пры гэтым фатаграфаваць Трампа цяпер не дазваляюць. "Доктар у бальніцы сказаў, што ніколі не бачыў нічога падобнага, ён назваў гэта цудам", — заявіў экс-прэзідэнт журналістам.

Напярэдадні са зваротам да амерыканскага народа ў сувязі са спробай замаху на Трампа выступіў дзейны прэзідэнт Джо Байдэн. Ён заклікаў амерыканцаў адмовіцца ад гвалту ў палітыцы. "Нам трэба знізіць тэмпературу ў нашай палітыцы. Нельга дазволіць, каб такі гвалт стаў нормай. Палітычная рыторыка ў нашай краіне стала вельмі гарачай. Час яе астудзіць. Зрабіць гэта — адказнасць усіх нас", — заявіў Байдэн.

Інцыдэнт са стралянінай здарыўся ў суботу, 78-гадовы Трамп праводзіў перадвыбарчы мітынг у Батлеры, штат Пенсільванія. Экс-прэзідэнт быў паранены ў вуха. Раненні атрымалі яшчэ два чалавекі, яны цяпер знаходзяцца ў бальніцы ў крытычным стане. Ёсць адзін загінулы — 50-гадовы пажарны Коры Камператорэ. ФБР кажа, што страляў 20-гадовы Томас Мэцью Крукс, ён дзейнічаў у адзіночку. Матывы стралка невядомыя. "Мы не ведаем, якіх ён поглядаў прытрымліваўся і каго падтрымліваў. Мы не ведаем, ці атрымліваў ён дапамогу або падтрымку ад каго-небудзь і ці падтрымліваў з кімсьці яшчэ кантакт", — расказаў пра стрэлка Байдэн.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі