У Азербайджан прыбыла новая партыя беларускіх "Паланэзаў" (фота, відэа)
У Азербайджан прыбыла новая партыя 301-міліметровых аператыўна-тактычных ракетных комплексаў "Паланэз" з Беларусі, паведамляе Міністэрства абароны Азербайджана. Яны пастаўляюцца ў адпаведнасці з міжурадавым пагадненнем паміж Мінскам і Баку.
Ракетная сістэма залпавага агню "Паланэз" можа паражаць цэлі на далёкасці ад 50 км да 300 км з высокай дакладнасцю. Беларусь пастаўляе Азербайджану "Паланэзы" з 2018 года.
Вайсковыя аналітыкі адзначаюць, што для Азербайджана гэтыя пастаўкі сталі супрацьвагой у "гонцы ўзбраенняў" з Арменіяй. У 2016 годзе афіцыйны Ерэван купіў у Расіі аператыўна-тактычныя ракетныя комплексы "Іскандэр-Э" з далёкасцю дзеяння да 280 км.