У Баранавіцкім універсітэце судзілі студэнтку за "публічную абразу Лукашэнкі"
Суд у ВНУ / prokuratura.gov.by
У Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце судзілі 18-гадовую студэнтку за "публічную абразу Лукашэнкі". Як паведамляе служба інфармацыі пракуратуры Брэсцкай вобласці, дзяўчыну асудзілі на два гады "хатняй хіміі".
Выязное судовае пасяджэнне правялі ў ВНУ з ініцыятывы Баранавіцкай міжраённай пракуратуры. Менавіта яна і выявіла "злачынства" падчас "маніторынгу інтэрнэт-рэсурсаў". Была распачата крымінальная справа.
26 верасня 2022 года абвінавачаная знаходзілася ў інтэрнаце ўніверсітэта і пакінула ў адным з Telegram-чатаў "абразлівы каментар" на адрас Аляксандра Лукашэнкі. Дзяўчына прызнала сваю віну.
Дзяржаўны абвінаваўца выступіў "перад запрошанымі студэнтамі" і растлумачыў "адказнасць дзеяння экстрэмісцкага характару". Ён заклікаў маладых людзей "не паддавацца на дэструктыўныя заклікі, самастойна і ўзважана абдумваць інфармацыю, што атрымліваецца з розных крыніц".
Практыка паказальных выязных судоў усё больш пашыраецца ў Беларусі. Сілавікі і прапагандысты спадзяюцца, што змогуць запалохаць моладзь і яна не будзе ўдзельнічаць у падпольнай дзейнасці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.