У беларусаў з’явіліся “сябры” ў латвійскім парламенце — чым яны дапамогуць
Групу сяброў Беларусі стварылі сёння ў латвійскім парламенце падчас візіту туды Святланы Ціханоўскай, расказаў Еўрарадыё палітык Анатоль Лябедзька. У яе ўвайшлі 19 дэпутатаў — то-бок прыкладна кожны пяты дэпутат латвійскага Сейма. Што гэта і навошта Беларусі сябры ў латвійскім парламенце?
“Для чаго яны патрэбныя? Каб трымаць Беларусь у міжнародным парадку дня. За тое, каб быць у міжнародным парадку дня, змагаюцца ўсе краіны. Самы яркі прыклад — Украіна, для якой пытанні міжнароднай салідарнасці і падтрымкі вельмі актуальныя. Для нас — таксама”, — кажа Анатоль Лябедзька.
Ён тлумачыць: Беларусь не мае ўплыву на міжнародны парадак дня. Не мае магчымасці зрабіць так, каб палітыкі і грамадзяне розных краін увесь час думалі пра Беларусь. І таму заручэнне падтрымкай з боку латвійскіх дэпутатаў — гэта магчымасць артыкуляваць свае праблемы перад міжнароднай супольнасцю.
“У групу сяброў Беларусі ў латвійскім Сейме ўвайшло 19 чалавек, кожны з якіх добраахвотна запісаўся ў яе. Ніхто нікога не прымушаў. Большая група толькі па Украіне. Сёння мы сустракаліся з імі і абмяркоўвалі канкрэтныя кірункі дзейнасці”, — расказаў Анатоль Лябедзька.
Першы кірунак — кампаніі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. Усе дэпутаты заявілі, што возьмуць палітычнае апякунства над кімсьці з маладых палітвязняў. То-бок будуць пісаць і гаварыць пра іх.
Другі кірунак дзейнасці — супраца ў міжнародных інстытуцыях. Беларусь прадстаўлена не ў кожнай з іх, таму дэпутаты Латвіі змогуць прасоўваць там нашыя інтарэсы. Напрыклад, пры АБСЕ.
Трэці кірунак працы — адукацыя. Як павінна працаваць судовая сістэма, як распрацоўваць заканадаўства, якое абмяжоўвае карупцыю, — усе гэтыя навыкі могуць спатрэбіцца для будавання патэнцыйнай “новай Беларусі”. Так, напрыклад, міністр юстыцыі пагадзіўся арганізоўваць экспертызу па напрацоўках Офіса Святланы Ціханоўскай. Да таго ж Офіс дамаўляецца, каб дэпутаты ўзялі беларусаў на стажыроўку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.