У Беларусі абвясцілі 17 красавіка рэспубліканскім суботнікам
Навядзенне парадку ў Мінску / Еўрарадыё
Пастанова Саўміна №206 ад 8 красавіка афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Згодна яму, урад рэкамендуе "рэспубліканскім дзяржаўным органам і іншым дзяржарганізацыям, а таксама іншым арганізацыям на добраахвотнай аснове правесці 17 красавіка суботнік на рабочых месцах, альбо здзейсніць добраўпарадкаванне і прывядзенне ў належны стан аб'ектаў і тэрыторый".
Зрэшты, усім вядома, што ніякай добраахвотнасці ў прызначэнні суботніка ў Беларусі не існуе.
Грошы, заробленыя на суботніку, будуць размеркаваны наступным чынам: іх накіруюць на рамонт, рэканструкцыю, рэстаўрацыю, аднаўленне гісторыка-культурных каштоўнасцяў, мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы часоў Вялікай Айчыннай вайны.
Палову з заробленых грошай пералічаць Мінфіну, а ён накіруе іх Міністэрству аховы здароўя на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы медыцынскіх устаноў, у тым ліку на закупку абсталявання для аказання планавай і экстранай медыцынскай дапамогі насельніцтву, частковае фінансаванне закупак вакцыны ад COVID-19.
З зарплаты работнікаў, для якіх 25 красавіка — працоўны дзень, грошы ўтрымліваюцца з іх згоды ў памеры, які добраахвотна вызначае сам калектыў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.