У Беларусі затрымалі экс-партнёраў Мазепіна па "Уралкаліі"

Яўген Шавель і Дзмітрый Лобяк

Яўген Шавель і Дзмітрый Лобяк / базы Белпола

Некалькі дзён таму ў Беларусі затрымалі былых партнёраў Дзмітрыя Мазепіна па кампаніі "Уралкалій" Яўгена Шавеля і Дзмітрыя Лобяка, піша "Наша Ніва". Амаль адначасова з імі затрымалі топ-менеджараў ААТ "Юрас-Ойл".

"Юрас-Ойл" — беларуская кампанія, дылер прамысловай хіміі і ўгнаенняў. Лобяк і Шавель з'яўляюцца яе суакцыянерамі. Паводле папярэдняй інфармацыі НН, затрыманні звязаныя акурат з дзейнасцю гэтай фірмы і выплатай падаткаў.

Шавель і Лобяк маюць беларускія карані, але асноўныя грошы зарабілі ў Расіі. Яны з часоў мінскай сувораўскай вучэльні сябруюць з Дзмітрыем Мазепіным і былі яго бізнэс-партнёрамі ва "Уралкаліі".

На сёння "Уралкаліем" на 100% валодае кампанія "Уралхім". Да сакавіка 2022 года "Уралхімам" цалкам валодаў Дзмітрый Мазепін. Цяпер структура ўласнасці кампаніі не раскрываецца.

Лобяк раней валодаў 20% "Уралкалія" і займаў пасаду дарадцы гендырэктара. Пазней ягоная доля перайшла Мазепіну. Шавель быў топ-менеджарам у той самай кампаніі.

Таксама Шавель і Лобяк мелі па 17% акцый Верхнякамскага электрамеханічнага завода. Шавель і на сёння з'яўляецца суўладальнікам "Казфасфата" — аднаго з найбуйнейшых вытворцаў фосфарных угнаенняў у свеце.

Дарэчы, Раман Пратасевіч у інтэрв'ю АНТ пасля свайго арышту казаў, быццам тэлеграм-канал "NEXTA" спансіраваў расійскі мільярдэр, звязаны з Уралам і здабычай карысных выкапняў. Пад гэтае апісанне падпадае Дзмітрый Мазепін. Сам Мазепін пасля заявіў, што ён і яго кампаніі ніколі не фінансавалі гэты тэлеграм-канал.

Тым не менш з'яўляцца ў Беларусі Мазепін не рызыкуе.

Шавель і Лобяк, як сцвярджае НН, маюць і беларускія, і расійскія пашпарты адначасова.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі