У Эстоніі беларусам і расіянам з ВНЖ хочуць забараніць галасаваць на выбарах

Талін / pixabay.com

Талін / pixabay.com

У Эстоніі плануюць абмежаваць правы беларусаў і расіян з відам на жыхарства ў гэтай краіне — ім могуць забараніць галасаваць на мясцовых выбарах. Міністэрства юстыцыі ўжо падрыхтавала адпаведны законапраект, паведамляе рэсурс ERR. У дакуменце гаворыцца, што "эстонская дзяржава не ў стане забяспечыць свабоду грамадзян Расіі ад уплыву краіны іх грамадзянства". Міністр юстыцыі краіны Каале Лаанет адзначыў, што ў Эстоніі пражывае 67 000 грамадзян Расіі, а паводле расійскай Канстытуцыі яны абавязаныя аказваць усебаковую дапамогу сваёй краіне. Тым часам Расія вядзе вайну з Украінай і прызнаная краінай-агрэсарам. Такое рашэнне прынялі і Еўрапарламент, і парламент Эстоніі. Гэта ж датычыць і Беларусі.

У выпадку, калі вайна скончыцца і Расія "вернецца ў спіс нармальных дэмакратычных дзяржаў, то, прытрымліваючыся Канстытуцыі ЭР", грамадзяне гэтай краіны зноў маглі б браць удзел у выбарах, падкрэсліў Лаанет. Але гэта будзе вырашаць заканадавец. Наступныя муніцыпальныя выбары ў Эстоніі пройдуць у кастрычніку 2025 года.

Раней Эстонія далучылася да заявы Латвіі, Літвы і Польшчы з нагоды трэцяй гадавіны нелегітымных прэзідэнцкіх выбараў у нашай краіне. У заяве гаварылася, што за апошнія тры гады Беларусь ператварылася ў сапраўдны ачаг дэстабілізацыі і ўяўляе пагрозу міжнароднай бяспецы. Пры гэтым у Эстоніі пакуль не плануюць па прыкладзе Літвы і Латвіі масава высылаць беларусаў і расіян.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі