Кіраўнікі МЗС краін-суседзяў і Эстоніі: Беларусь ператварылася ў пагрозу бяспецы

Яшчэ адным фактарам нестабільнасці ў рэгіёне, на думку суседзяў Беларусі, стала размяшчэнне ў краіне ПВК "Вагнер" / @modmilby

Яшчэ адным фактарам нестабільнасці ў рэгіёне, на думку суседзяў Беларусі, стала размяшчэнне ў краіне ПВК "Вагнер" / @modmilby

За апошнія тры гады Беларусь ператварылася ў сапраўдны ачаг дэстабілізацыі і ўяўляе пагрозу міжнароднай бяспецы. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве кіраўнікоў МЗС Эстоніі, Латвіі, Літвы і Польшчы з нагоды трэцяй гадавіны нелегітымных прэзідэнцкіх выбараў у нашай краіне.

Міністры нагадалі, што тры гады таму, 9 жніўня 2020 года, Аляксандр Лукашэнка абвясціў сябе пераможцам прэзідэнцкіх выбараў. Выбары пры гэтым былі сфальсіфікаваныя. Лукашэнка, па сутнасці, захапіў уладу. Пачаліся пратэсты, затым масавыя ўнутраныя рэпрэсіі. Пазней ён стаў яшчэ і саўдзельнікам ваенных злачынстваў. Усё разам гэта прывяло да "хуткай эрозіі суверэнітэту Беларусі, а таксама дэстабілізацыі рэгіёна".

Міністры адзначылі, што рэпрэсіі ў Беларусі не слабеюць, колькасць палітычных зняволеных вырасла да 1500. Людзі ў зняволенні "падвяргаюцца бесчалавечнаму абыходжанню і нават катаванням". Лукашэнку ўспомнілі і міграцыйны крызіс, і падтрымку Расіі ў вайне супраць Украіны, і саўдзел у вывазе ўкраінскіх дзяцей. "Мінскі рэжым клапоціцца толькі пра сваё ўласнае выжыванне, ён працягвае падрываць дзяржаўнасць Беларусі, нелегітымна і супрацьзаконна, насуперак волі беларускага народа, саступаючы свой суверэнітэт Расіі", — гаворыцца ў заяве. Пры гэтым міністры адзначылі, што іх краіны "ў гэты асабліва балючы момант беларускай гісторыі" працягваюць падтрымліваць народ Беларусі, застаюцца вернымі абавязанням.

"Мы верым у дэмакратычную, незалежную і суверэнную Беларусь гэтак жа моцна, як верым у перамогу Украіны. Наша падтрымка народа Беларусі, які змагаецца за сваю свабоду і годнасць, застанецца нязменнай", — гаворыцца ў заяве. Паводле міністраў, "аўтарытарныя рэжымы пацярпяць крах, а тыраны будуць прыцягнутыя да адказнасці".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі