Кадэбісты выламалі дзверы ў кватэры віцебскага журналіста
Зміцер Казакевіч
У Віцебску супрацоўнікі КДБ выламалі дзверы ў кватэры журналіста-фрылансера Змітра Казакевіча, перадае Радыё "Свабода".
Казакевіч пакінуў Беларусь у жніўні 2021 года. Перад тым яго затрымлівалі і судзілі, дома адбыліся тры ператрусы.
Апячаталі кватэру журналіста 16 траўня.
"Пасля таго, як я выехаў зь Беларусі, было ціха. Нібыта. Але 15 траўня "органы" выпытвалі ў суседзяў, ці жыве хто ў кватэры, ці з'яўляецца нехта там. Недзе ў 6:40 16 траўня туды прыйшлі супрацоўнікі КДБ разам з супрацоўнікамі МНС і пачалі ламаць дзверы, паднялі на вушы ўвесь дом", — расказвае журналіст.
Пасля сыходу сілавікі пакінулі на дзвярах кватэры паперку: "Опечатано. КГБ. По всем вопросам обращаться в СК Республики Беларусь". Казакевіч не ведае, ці быў у кватэры ператрус.
Паводле інфармацыі "Свабоды", арышты кватэр актвістаў прайшлі ў розных гарадах Беларусі. Магчыма, гэта звязана з новай справай супраць палітуцекачоў, пра якую напярэдадні паведаміў Следчы камітэт: 104 чалавек вінавацяць у тым, што яны прынялі ўдзел у святкавання Дня Волі ў розных краінах свету.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.