У Беларусь прыехала пляменніца Пуціна — па аўтамабілі для скалечаных салдатаў РФ
Ганна Цывілёва ў Мінску
У Мінск прыехала Ганна Цывілёва, якую ў СМІ называюць пляменніцай Уладзіміра Пуціна. Яна плануе купіць 400 аўто для скалечаных вайскоўцаў, якія ўдзельнічалі ў нападзе Расіі на Украіну. Пра гэта Цывілёва напісала ў сваім тг-канале.
Цывілёва — старшыня Дзяржаўнага фонду "Абаронцы Айчыны", створанага пасля лютага 2022 года. Для людзей з інваліднасцю яна аглядала аўтамабілі "Юніма".
"Машыны абсталяваныя ўсім неабходным: ліфтавай платформай, зваротнымі дзвярыма, механізмамі мацавання інвалідных крэслаў і многім іншым", — піша яна.
Кампанія "Юніма" займаецца распрацоўкай кампактнага гарадскога электрамабіля для людзей з інваліднасцю.
Муж Ганны Сяргей Цывілёў — былы губернатар рэгіёну Кузбас-Кемераўская вобласць. 14 сакавіка 2024 года ён быў прызначаны міністрам энергетыкі Расіі.
У расійскіх СМІ Ганну называюць дачкой Яўгена Пуціна — стрыечнага брата расійскага прэзідэнта.
Сям'я Цывілёвых валодае вуглездабыўнай кампаніяй "Колмар".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.