Раскрыта таямніца егіпецкіх пірамід: яны былі пабудаваны на беразе ракі

Піраміды ў Гізе

Піраміды ў Гізе / AD

Комплекс з 31 піраміды ў Гізе быў пабудаваны ўздоўж даўно перасохлага 64-кіламетровага прытоку Ніла. Навукоўцы, якія знайшлі яго сляды, назвалі яго Ахраматам, што ў перакладзе з арабскай азначае піраміда, піша часопіс "Communications Earth & Environment".

Самыя вядомыя егіпецкія піраміды, у якіх размяшчаліся грабніцы кіраўнікоў, былі пабудаваны каля 4,7 тысяч гадоў таму. Для фараонаў, цароў і царыц гэтыя помнікі павінны былі стаць мастом у замагільны свет.

Будаўніцтва пірамід уяўляла сабою складаную лагістычную і інжынерную задачу, у якой удзельнічалі тысячы майстроў і звычайных працаўнікоў. І да гэтага часу навукоўцы не знаходзілі адказу на пытанні: ці сапраўды фараоны пабудавалі піраміды пасярод пустыні? І як у пустыню былі дастаўлены мільёны тон будаўнічага матэрыялу?

Аказваецца, мясцовасць, дзе калісьці былі пабудаваны піраміды, выглядала зусім інакш, чым цяпер. Ландшафт паўночнай даліны Ніла за апошнія некалькі тысячагоддзяў зведаў сур'ёзныя экалагічныя і гідралагічныя змены і не заўсёды быў пустыняй.

Даследчыкі раней меркавалі, што побач з пірамідамі магла працякаць рака. Бо манументальныя пабудовы звычайна ўзводзіліся паблізу водных шляхоў, каб аблегчыць транспарціроўку будаўнічых матэрыялаў.

І вось толькі цяпер група пад кіраўніцтвам егіпецка-амерыканскага геамарфолага доктара Эмана Ганейма выявіла і нанесла на карту раней невядомы старажытны рукаў Ніла. Каб яго знайсці, навукоўцы вывучылі выявы, атрыманыя з дапамогай спецыялізаванай радыёлакацыйнай тэхнікі і вынікі геафізічных даследаванняў. Яны пацвердзілі наяўнасць рачных адкладаў і старажытных каналаў пад паверхняй зямлі.

Даследчыкі знайшлі дадзеныя дыстанцыйнага зандавання, керн глебы, геамарфалагічныя і геафізічныя доказы таго, што ля падножжа пірамід працякала даволі вялікая рака.

Рака мела даўжыню 64 км, глыбіню ад 2 да 8 м і шырыню да 700 м, што адпавядае шырыні сучаснага Ніла. Судзячы па ўсім, яна была галоўнай магістраллю для перавозкі будаўнічых матэрыялаў з кар'ераў. А храмы ў далінах служылі рачнымі партамі для разгрузкі. Такіх месцаў выяўлена некалькі, але, на думку аўтараў даследавання, многія з гэтых партоў усё яшчэ могуць быць пахаваны пад пяскамі пустыні.

"Знаходжанне доказаў існавання гэтага даўно страчанага рукава Ніла мае вырашальнае значэнне для нашага разумення таго, чаму піраміды былі пабудаваны ў гэтых канкрэтных геаграфічных абласцях і як старажытныя народы атрымалі доступ да будаўнічых матэрыялаў", — пішуць навукоўцы. На іх думку, рака Ахрамат магла спыніць сваё існаванне каля 600 г. да н.э. — яе засыпала пяскамі Сахары.

Раскрыта тайна египетских пирамид: они были построены на берегу реки
Древний рукав Нила, названный учёными Ахраматом, окружён большим количеством пирамид / рисунок Эмана Гонейма

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі