Цудам выратаваныя ад агню ў Нотр-Даме карціны пакажуць публіцы
Нотр-Дам
Больш за 70 карцін, выратаваных ад агню, які ахапіў Нотр-Дам у 2019 годзе, цяпер пакажуць публіцы. Пасля пажару ў саборы, які здолелі патушыць, карціны прамоклі — але засталіся практычна непашкоджанымі.
“Нам пашчасціла выцягнуць іх даволі хутка, іх практычна не пашкодзілі вадой і пылам", - распавядае Эмануэль Пеніко, дырэктар арганізацыі Mobilier National Collections, якая займаецца захаваннем французскіх гістарычных аб'ектаў.
Гэтыя карціны былі напісаныя лепшымі мастакамі Францыі ў перыяд з 1630 па 1707 год, піша The Guardian. Яны віселі ў дрэнна асветленых бакавых капліцах сабора, і наведвальнікі часта абыходзілі іх увагай.
Гэтыя карціны — частка калекцыі "Май". Яны былі напісаныя да штогадовага конкурсу мастакоў, які праводзіўся ў Францыі. Карціны, якія ў ім удзельнічалі, павінны былі быць завершаныя менавіта ў маі. У прызначаны травеньскі дзень яны павінны былі быць прадстаўлены перад статуяй Панны Марыі ля ўваходу ў сабор. Пасля гэтага карціны вешалі ўнутры Нотр-Дама.
Цяпер скарбы сабора выставяць на агляд публікі ў Mobilier National з 24 красавіка па 21 ліпеня. А ў снежні вернуць ва ўжо адрэстаўраваны Нотр-Дам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.