У Амстэрдаме пачалі рэстаўраваць галоўную карціну Рэмбранта на вачах у публікі
"Начны дазор" Рэмбранта
Рэстаўрацыя самай знакамітай карціны Рэмбранта "Начны дазор" пачалася ў Амстэрдаме. Навукоўцы пяць гадоў даследавалі карціну майстра. А цяпер за працу бяруцца восем рэстаўратараў, піша ВВС.
На вачах публікі яны знялі з "Начнога дазору" лак. Назіраць за працэсам можна кожны дзень, бо працы вядуцца ў спецыяльным зашклёным памяшканні.
"Зняцце лаку адкрые багатую на падзеі гісторыю "Начнога дазору". Для публікі гэта будзе унікальны досвед — назіраць за гэтым працэсам зблізку", — сказаў генеральны дырэктар Рэйксмузея Така Дыбітс.
Лак быў нанесены на карціну падчас рэстаўрацыі 1975-1976 гадоў. Яго здымаюць з дапамогай мікрафібраыых сурвэтак і ватных тампонаў. Лак, якім была пакрытая праца — цёмны, і за доўгія гады на ім сабраўся бруд. Праз гэта стваралася падманнае ўражанне, быццам Рэмбрант выявіў начную сцэну.
Карціна была напісаная ў 1642 годзе для будынка Гільдыі аркебузераў у Амстэрдаме. Гэта адна з першых у свеце выяваў групы людзей у дзеянні. Напрыклад, на карціне можна ўбачыць капітана, які апрануты ва ўсё чорнае і загадвае свайму лейтэнанту пачаць маршыраваць, а гвардзейцы шыхтуюцца. Рэмбрант выкарыстоўвае святло, каб засяродзіць увагу на асобных дэталях, напрыклад, на руцэ капітана, які жэстыкулюе.
Кожны год паглядзець на "Начны дазор" прыходзіць больш за 2 мільёны наведнікаў. Цяпер яны могуць у рэальным часе назіраць за працэсам рэстаўрацыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.