У Германіі распавялі пра забарону на футболе бел-чырвона-белага сцяга і "Пагоні"

У Германіі распавялі пра забарону на футболе бел-чырвона-белага сцяга і "Пагоні"

У Германіі распавялі пра забарону на нядаўнім афіцыйным футбольным матчы нямецкай і беларускай зборных бел-чырвона-белага сцяга і герба "Пагоня". Пра такія факты заўзятары напісалі ў сацсетках. Алеся Белановіч-Петц сведчыць, што ўжо на матчы сцюарды ўбачылі ў яе шалік з "Пагоняй" і заявілі, што гэта "забаронены сімвал", пагражалі вывесці са стадыёна. Іншыя заўзятары гаварылі пра адабраныя сцягі, а кагосьці ўвогуле не прапусцілі на трыбуну. Нешта падобнае было і на гасцявым матчы зборнай Беларусі з Эстоніяй. У Беларускай федэрацыі футбола адмаўляюць, што накіроўвалі афіцыйны ліст у Нямецкі футбольны саюз  на тэму сімволікі ў заўзятараў. Прызнаюць толькі, што прасілі ўзмацніць меры бяспекі — каб фанаты не пранеслі піратэхніку.

Аднак, як інфармуе belsat.eu, прэс-сакратар Нямецкага футбольнага саюза Штэфан Аерман заявіў, што "на афіцыйным пасяджэнні перад гульнёй Беларуская федэрацыя футбола папярэдзіла нас, што на стадыёне для палітычнай прапаганды выкарыстоўваюцца пэўныя сімвалы і сцягі". Больш таго, беларускі бок прасіў "не дапускаць бел-чырвона-белыя сцягі і герб "Пагоня". Паколькі немцы ведалі, што згаданая сімволіка не з'яўляецца ў Беларусі афіцыйнай, яны вырашылі выканаць просьбу Беларускай федэрацыі футбола.  

Чаму спартыўных чыноўнікаў так турбуе сімволіка на трыбунах падчас футбольных матчаў? Верагодна, з-за таго, што яна трапляе ў тэлерэпартажы, якія транслююць беларускія дзяржаўныя каналы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі