У Гродне мужчыну судзілі за кветкі ў памяць пра Навальнага
Масавыя затрыманні людзей, якія ўшаноўвалі памяць Аляксея Навальнага, адбыліся ў Расіі
У Гродне мужчыну судзілі за два гваздзікі ў памяць пра расійскага апазіцыянера і палітвязня Аляксея Навальнага, які 16 лютага загінуў у калоніі ў РФ. Ён паклаў іх і фота забітага палітыка побач з генконсульствам Расіі. Суд палічыў гэта пікетаваннем і пакараў мужчыну 10 суткамі адміністрацыйнага арышту, піша Hrodna.life.
Да генконсульства "парушальнік" прыехаў на таксоўцы. Пасля таго, як паклаў каля плота фота і кветкі, зрабіў здымак. Каля консульства дзяжурыў міліцыянер, які і затрымаў мужчыну.
Справу разглядаў суд Ленінскага раёна Гродна. Абвінавачаны прызнаў сваю віну ў "пікетаванні". Выданне адзначае, што дакладна невядома, ці ён беларус, ці расіянін. Вядома, што мужчына жыве ў Расіі. Іншыя яго даныя ананімізаваныя.
Масавыя затрыманні людзей, якія ўшаноўвалі памяць Навальнага, адбыліся ў Расіі. Вядома, што ў Беларусі затрымлівалі Дзмітрыя Кучука, кіраўніка ліквідаванай Беларускай партыі "Зялёныя", які хацеў ушанаваць памяць Аляксея Навальнага і прыйшоў да расійскага пасольства ў Мінску, каб ускласці кветкі і запаліць лампадкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.