У Мінску судзяць палітзняволеную Ксенію Луцкіну
У Мінску судзяць палітзняволеную Ксенію Луцкіну. Крымінальную справу разглядае Мінскі гарадскі суд. Фотаздымкі з'явіліся на сайце sb.by.
Луцкіну абвінавачваюць у "змове ці іншых дзеяннях, здзейсненых з мэтай захопу дзяржаўнай улады". Журналістцы пагражае ад 8 да 12 гадоў пазбаўлення волі.
Журналістку затрымалі ў снежні 2020-га па "справе Прэс-клуба": яе абвінавацілі ў "нявыплаце падаткаў" (пасля закрыцця гэтай справы распачалі новую). Раней яна працавала на Беларускім тэлебачанні, але сышла адтуль на хвалі пратэстаў, далучылася да дзейнасці Каардынацыйнай рады. Супрацоўніцтва з ёй і стала падставай для завядзення крымінальнай справы. У зняволенні ў Ксеніі Луцкінай абвастрыліся праблемы са здароўем — пачала расці пухліна ў галаўным мозгу. Вядома, што Луцкіна адмовілася пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі.
У судзе было агучана, што Ксенія Луцкіна "рыхтавала, рэдактавала, карэктавала розныя заявы і звароты" Каардынацыйнай рады. У гэтым следства пабачыла "дэстабілізацыю палітычнай, сацыяльнай, эканамічнай і інфармацыйнай сітуацыі ў краіне". Таксама адзначаецца, што Луцкіна "была адным з лідараў... журналісцкай забастоўкі на Белтэлерадыёкампаніі, удзельнікі якой высоўвалі патрабаванні палітычнага характару". У судзе згадваліся сустрэчы журналісткі "у статусе лідара страйкама" з Марыяй Калеснікавай. А яшчэ нагадалі, што Ксенія Луцкіна "выступіла з ініцыятывай стварыць альтэрнатыўнае тэлебачанне" і нават "альтэрнатыўны Мінінфарм".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.