У нескладовае "У нескладовае"

Не паспяваеш развярнуцца і прыслухацца, як гучаць фінальныя акорды, на мой погляд, самай душэўнай песні амбіцыйнага праекта Рамана Арлова “У нескладовае”. І песня гэтая душэўная, якая стаіць у альбоме пад нумарам восем, мае аналагічную назву.

Сярод можа не надта душэўных, але ўдалых твораў на плыце варта адзначыць трэк “Не кожны” у выкананні самаго Рамана, Алега Хаменкі і Аляксандра Памідорава. Песню можна разглядаць як дастаткова арыгінальную паліфанічную кампазіцыю — сумесь індустрыяльнага сучаснага і меладычнага беларускага мінулага.

Нельга не звярнуць увагі на песню “Сусвет” — бадзёра і жвава выкананую Аляксеем Хлястовым. Сярод васьмі альбомных трэкаў гэты вылучаецца свежасцю магчыма таму, што “непапсовы” Хлястоў — незвычайная з’ява ў нашым заскарузлым рок-жыцці.

Увогуле, калі разглядаць кожны твор “У нескладовага” паасобку, усё нібыта і някепска: песні рознастылёвыя і з прэтэнзіяй (“Караблі”, “Мокры порах”, “У нескладовае 2”). Аднак у агульным кантэксце альбома яны губляюцца і не слухаюцца. Магчыма, справа ў бесталкова складзеным трэк-лісце, ці, што больш верагодна, у недапрацаванасці і сырасці матэрыяла, далёкай недасканаласці яго аранжыровак, і спешцы яго аўтараў тэрмінова падарыць слухачу дыск…

Самая ж галоўная праблема плыты “У нескладовае” — адсутнасць яскравых хітоў, нягледзячы на запамінальнасць мелодый, і супярэчлівасць ідэалогіі аўтараў праекта. Пры тым, што аўтары збіраюцца папулярызаваць беларускамоўную музыку на Ўсходзе, чамусьці першым творам на альбоме яны ставяць англамоўную "Take Me Away".

І яшчэ. Вакалістаў у праекта — на любы густ, аднак кароткаметражнасць альбома “У нескладовае” не дазваляе кожнаму з іх раскрыцца па-сапраўднаму, можа недзе нават па-новаму. Хочацца спадзявацца, што другі альбом праекта будзе больш удумлівы і якасны, а яго аўтары перагледзяць свае радыкальныя ідэі і зробяць МУЗЫКУ, вартую і Ўсходу, і Захаду, і Беларусі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі