У Полацку археолагі шукаюць матэрыяльныя доказы існавання Рагвалода

На старажытным гарадзішчы ў цэнтры Полацка выяўлены ўнікальныя археалагічныя знаходкі. Пра гэта паведаміў кіраўнік раскопак, загадчык кафедры гісторыі Полацкага дзяржаўнага універсітэта Дзяніс Дук.
Падчас двухтыднёвых раскопак на месцы, якое носіць назву Рагвалодава гарадзішча, археолагі знайшлі ўнікальны крыж-машчавік даўжынёй 7,5 сантыметраў, які добра захаваўся. Такія крыжы з часцінкамі мошчаў святых насілі на вопратцы багатыя гараджане.

Па словах спецыяліста, крыж мае вялікую каштоўнасць: на ім змешчаны барэльеф князя, магчыма, Усяслава Брачыслававіча па мянушцы Чарадзей, які на далоні трымае сілуэт Сафійскага сабора. Такім чынам, знойдзены першы малюнак старажытнага храма. Цікавыя і іншыя знаходкі навукоўцаў: часткі старажытнай зброі, шкляныя ўпрыгожванні. Цяпер археолагі дайшлі да пласта са слядамі вялізнага пажарышча.

Яно датуецца навукоўцамі канцом X стагоддзя. Як сведчаць летапісы, каля 980 года кіеўскі князь Уладзімір спаліў Полацак, забіў князя Рагвалода і яго сыноў, а дачку Рагнеду сілком павёз у Кіеў, зрабіўшы адной з жонак. Як лічыць Дзяніс Дук, менавіта ў гэтым пласце чакаюцца самыя цікавыя знаходкі, якія пральюць святло на гэтую старажытную трагедыю і нават дапамогуць выявіць матэрыяльныя сведчанні існавання Полацка ў IX стагоддзі.

БЕЛТА

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі