У Польшчы пачалі збіраць камп’ютары для беларускіх журналістаў
Арганізатары спадзяюцца, што польскія грамадзяне і кампаніі ахвяруюць для беларусаў некалькі дзясяткаў камп’ютараў: як новых, так і ўжываных.
28 лютага ў Польшчы пачалася акцыя па зборы камп’ютараў і ноўтбукаў для беларускіх журналістаў і праваабаронцаў, тэхніку ў якіх канфіскавалі супрацоўнікі КДБ. У ініцыятыве арганізацыі "Вольная Беларусь" удзельнічае шэраг польскіх грамадскіх аб'яднанняў.
Адна з іх – Польскі прэс-клуб, які падтрымлівае журналістаў і свабоду слова ў 27 краінах свету. Яго старшыня Яраслаў Уладарчык (Jarosław Włodarczyk) расказаў Еўрарадыё пра планы ініцыятывы.
"Мы спадзяемся ўвясну сабраць, прынамсі, некалькі дзясяткаў камп’ютараў: як новых, бо мы вядзем і збор грошай, так і ўжываных, але ў добрым стане".
Акцыя будзе доўжыцца да 20 сакавіка, але арганізатары спадзяюцца працягнуць яе да канца красавіка.
"Спадзяемся, што палякі добра адрэагуюць. Бо мы самі ў часы падполля насуперак камуністам атрымлівалі падобную заходнюю дапамогу, праўда, не ў выглядзе ноўтбукаў, часы былі іншыя. Таму цяпер мы адчуваем маральны абавязак і лічым натуральнай рэччу дапамагчы братам-беларусам у іх змаганні", – кажа Яраслаў Уладарчык.
Ён прызнае, што даставіць сабраную тэхніку будзе не так лёгка.
"Натуральна, праблема перапраўкі тэхнікі ў Беларусь будзе. Але зноў-такі, на прыкладзе ваенных часоў у Польшчы замежнікам удавалася правезці і фарбы, і ксераксы. Таму спадзяюся, што і зараз будзе як тады. Тэарэтычна – немагчыма, практычна – так!"
Яраслаў Уладарчык запэўніў, што план дастаўкі камп’ютараў у Беларусь ёсць, але паведамляць яго ў СМІ па вядомых прычынах неметазгодна.