У Расіі працягваюцца затрыманні генералаў
Вадзім Шамарын
У Расіі працягваюцца затрыманні генералаў. Сілавікі павезлі на допыт у Галоўнае ваеннае следчае ўпраўленне Следчага камітэта начальніка Галоўнага ўпраўлення сувязі Узброеных сіл РФ генерал-лейтэнанта Вадзіма Шамарына, паведамляе kommersant.ru. Шамарын — намеснік начальніка Генштаба Валерыя Герасімава. Ператрус адбыўся па крымінальных справах аб меркаваных махінацыях.
Раней былі затрыманыя і арыштаваныя намеснік міністра абароны Цімур Іваноў і начальнік Галоўнага ўпраўлення кадраў Мінабароны Расіі генерал-лейтэнант Юрый Кузняцоў. Абодва абвінавачваюцца ў атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры (як і Вадзім Шамарын). Нядаўна стала вядома і пра затрыманне былога камандуючага 58-й арміяй генерал-маёра Івана Папова. Яго падазраюць у махлярстве ў асабліва буйным памеры.
Затрыманні генералаў пачаліся пасля таго, як адбыліся перастаноўкі ў Мінабароны РФ. Міністр абароны Сяргей Шайгу быў прызначаны сакратаром Савета бяспекі РФ. Яго замяніў эканаміст Андрэй Белавусаў. Мяркуецца, што кіраўніцтва Расіі рыхтуецца да зацяжной вайны ва Украіне і канфрантацыі з NATO ў будучыні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.