Перастаноўкі ў Мінабароны РФ — прыкмета падрыхтоўкі да зацяжной вайны — ISW
Андрэй Белавусаў
Перастаноўкі ў Мінабароны РФ і замена Сяргея Шайгу на Андрэя Белавусава, які быў першым віцэ-прэм'ерам, сведчаць аб тым, што Уладзімір Пуцін робіць крокі для падрыхтоўкі да зацяжной вайны ва Украіне і канфрантацыі з NATO ў будучыні. Такое меркаванне выказаў Амерыканскі інстытут вывучэння вайны (ISW).
Пры Шайгу ведамства сутыкалася з абвінавачваннямі ў карупцыі і падвяргалася з'едлівай крытыцы. Белавусаў жа мае больш рэпутацыю эфектыўнага тэхнакрата. Амаль 10 гадоў ён займаў пасаду міністра эканамічнага развіцця, удзельнічаў у кіраванні рознымі інавацыйнымі праектамі (у тым ліку па распрацоўцы беспілотнікаў).
У 65-гадовага эканаміста Андрэя Белавусава няма вайсковага досведу, аднак яго не было і ў Сяргея Шайгу (ён кіраваў Мінабароны з 2012 года). Ён быў апантаны ідэяй "тэхналагічнага суверэнітэту Расіі", кіраваў напісаннем канцэпцыі тэхналагічнага развіцця РФ да 2030 года. Мяркуецца, што ўлады Расіі маюць намер выкарыстоўваць досвед Белавусава "для аб'яднання ваеннай і эканамічнай палітыкі".
Шайгу прызначаны сакратаром Савета бяспекі РФ. Мікалай Патрушаў, які займаў гэтую пасаду з 2008-га, чакае новага прызначэння.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.