У выканкамах скончыўся гадавы запас грошай на адрасную падтрымку

Грошы, выдаткаваныя дзяржавай на год для адраснай сацыяльнай падтрымкі, ужо скарыстаныя. У Пухавіцкім раёне на адрасную дапамогу пайшло 128 мільёнаў рублёў з выдзеленых 122, у Клецкім раёне – 114 мільёнаў з 89. Цяпер мясцовыя выканкамы бяруць сродкі з дадатковых дзяржаўных паступленняў. Зэканоміць на адмене льготаў у дзяржавы не атрымалася. Па даных начальніка аддзела матэрыяльна-бытавога забеспячэння пенсіянераў і інвалідаў Пухавіцкага райвыканкаму Сяргея Яроміна, за першы квартал у райвыканкам па адрасную дапамогу звярнуліся 280 чалавек.

“Асноўная маса – каля 45% - гэта няпоўныя шматдзетныя сем’і. У нас былі асігнаванні на гэты год у памеры 122 мільёнаў 300 тысяч рублёў. А прызначана ў нас за першы квартал 128 мільёнаў 300 тысяч. Дадаткова выдзеленыя асігнаванні Міністэрствам фінансаў”.

Адмаўляюць у дапамозе няшмат. У асноўным тым, чые даходы перавышаюць усталяваны крытэр патрэбаў. Аднак бываюць выпадкі, гаворыць Сяргей Яромін, калі заяўнікі свядома хаваюць лішнюю жылплошчу альбо багатага сужыцеля:

“Ёсць, канечне, выпадкі, калі людзі звяртаюцца, аднак права на дапамогу не маюць. Напрыклад, тыя, у каго быў выезд за мяжу на працягу 12 месяцаў да звароту. У кагосьці ёсць больш за адно жылое памяшканне ва ўласнасці. Нягледзячы на тое, што яны ведаюць пра гэтыя абмежаванні, усё адно звяртаюцца, спрабуюць неяк “касіць”. Але дакумент ёсць дакумент. І калі адкрываеш пашпарт і бачыш, што чалавек ездзіў у Егіпет, і ён не можа патлумачыць, за якія сродкі ён туды ездзіў, натуральна, трэба думаць, што ў яе ёсць сужыцель, які ўтрымлівае гэтую жанчыну”.

Сяргей Яромін лічыць, што казаць аб эканоміі сродкаў шляхам адмены льготаў казаць не даводзіцца:

“Лагічна было б меркаваць, што льготы адмененыя для таго, каб пераразмеркаваць сродкі, неяк зэканоміць. Аднак тое, што адбываецца з адраснай дапамогай, цяжка ўпісваецца ў межы эканоміі. Гэтая дапамога становіцца не столькі адраснай, колькі разбазарваннем дзяржаўных сродкаў і стымуляваннем ўтрыманскіх настрояў сярод насельніцтва”.

Нядаўна было прынятае палажэнне, паводле якога ў даход грамадзянаў уваходзіць і адрасная дапамога. Гэта значыць, што чалавек можа звярнуцца па адрасную падтрымку не больш за 2 разы ў год. Напрыклад, калі ён атрымаў грошы на тры месяцы, то наступны раз можа падаваць заяву толькі яшчэ праз тры месяцы – раз на паўгода.

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Марыя Худая прапанавала правесці чарговае пасяджэнне Міністэрства працы па праблеме адраснай дапамогі. Галоўнае, на яе думку, працаздольных людзей трэба прымусіць працаваць, знайшоўшы для іх матывацыю.

Марыя Худая: “У цэлым па вобласці, па рэспубліцы за адзін квартал мы практычна скарысталі ўсё, што было прызначана на год. Сумы ідуць вялікія, а народ застаецца незадаволеным. Трэба больш глыбока вывучаць становішча справаў на месцах дакладна ў кожным выпадку, як аказваць дапамогу людзям. І такім шляхам вырашаць праблему”.

А пакуль праблема вырашаецца дадатковымі сродкамі з дзяржаўнага бюджэту. Гаворыць начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Клецкага райвыканкаму Васіль Сёмуха:

“Выдзелена было 89 мільёнаў. Скарыстана ўжо 114. Ну, і далей вырашаецца пытанне аб дадатковым выдзяленні грошай. Мы як прызначалі, так і будзем прызначаць. А дадатковыя асігнаванні з дзяржаўнага бюджэту будуць выдзеленыя”.

Па інфармацыі намесніцы міністра працы і сацыяльнай абароны Марыяны Шчоткінай, у параўнанні з мінулым годам памер сярэдней субсідыі павялічыўся амаль у паўтара раза. І толькі за сёлетнія тры месяцы адрасную дапамогу атрымалі больш за 129 тысяч чалавек, а за ўвесь мінулы год – крыху менш за 60 тысяч.


Фота Юліі Дарашкевіч

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі