Удзельнікі сацапытання назвалі адной з галоўных праблем недахоп лекараў
Удзельнікі нарады слухаюць вынікі сацапытання
У Гарадку на Віцебшчыне ўдзельнікі сацыялагічнага апытання назвалі адной з галоўных праблем недахоп лекараў. Таксама згадваліся стан дарог, нездавальняючая работа ЖКГ, праблемы з працаўладкаваннем. Як піша раённая газета, больш за 85% апытаных — жанчыны. Каля паловы з іх працуюць у сістэмах аховы здароўя і адукацыі.
Вынікі апытання абмяркоўваліся ў райвыканкаме. Яго старшыня Ірына Палякова папрасіла кіраўнікоў асобных прадпрыемстваў і арганізацый даць тлумачэнні.
"Карціна атрымалася цікавая, — піша выданне. — У апытанні людзі паказвалі, што ў рэгіёне няма годнага заробку і не стае працоўных месцаў. А з іншага — прадстаўнікі сельгаспрадпрыемстваў казалі пра дзясяткі вакансій, якія яны не могуць закрыць. Шукаюць людзей усюды, нават праз інтэрнэт. У выніку ў адной з гаспадарак цяпер, напрыклад, працуюць грамадзяне Узбекістана, якія зарабляюць каля 2 тысяч рублёў у месяц. Нямала вакансій і па Гарадку — на пятніцу іх было больш за 270 з заробкам у сярэднім на ўзроўні 1,5 тысячы рублёў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.