Украіна не лічыць "электаральнае мерапрыемства" Лукашэнкі выбарамі

Аляксандр Лукашэнка і выбары / president.gov.by
Прадстаўнік МЗС Украіны Георгій Ціхі выказаўся наконт таго, ці з'яўляюцца "прэзідэнцкія выбары" ў Беларусі легітымнымі. "Для нас у гэтым дзействе няма нічога нечаканага. І вынікі яго, у прынцыпе, вядомыя наперад... Для нас відавочна, што Аляксандр Лукашэнка працягне заставацца саюзнікам і саўдзельнікам Пуціна ў яго вайне супраць Украіны, што адбываецца насуперак інтарэсам беларускага народа", — заявіў ён.
У Кіеве пакуль не бачаць "ніякіх перадумоў для аднаўлення кантактаў з Аляксандрам Лукашэнкам", таму пытанне прызнання яго легітымнасці пасля абвяшчэння афіцыйных вынікаў для Украіны "не з'яўляецца актуальным". Улады Украіны перакананыя, што ў РБ адсутнічаюць "базавыя ўмовы для правядзення сумленных і празрыстых выбараў у адпаведнасці са стандартамі АБСЕ". "Няма на сёння там такіх умоў і няма сумленных сапраўдных выбараў", — кажа Ціхі.
Прадстаўнік МЗС Украіны нагадаў, што рэжым Лукашэнкі пазбавіў грамадзян Беларусі ў замежжы магчымасці ўдзельнічаць у выбарах. Ім з Мінска прапанавалі прыязджаць галасаваць на радзіму. Георгій Ціхі адзначае, што шмат людзей выехалі за мяжу з-за рэпрэсій і "яны не маюць магчымасці вярнуцца, бо будуць арыштаваныя, затрыманыя". І гэтая сітуацыя "істотна ўплывае на вынікі любых галасаванняў".
"У цэлым мы лічым, што беларускі народ заслугоўвае права абіраць уладу на сапраўды дэмакратычных, свабодных, канкурэнтных выбарах і будаваць уласную будучыню без дыктату Расіі, без яе імперскіх замахаў і без імкнення Масквы навязаць сваім суседзям ролю падкантрольных марыянетак, як цяпер адбываецца, — кажа прадстаўнік МЗС Украіны. — Мы таксама ўдзячныя тым беларусам, і ведаем пра іх, цэнім, паважаем іх, якія сёння разам з украінскім народам, у тым ліку і са зброяй у руках, дарэчы, даюць годны адпор расійскай агрэсіі. Лічым, што тым самым яны таксама набліжаюць і рэальныя дэмакратычныя змены ў сваёй уласнай краіне".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.