Украінцы не могуць вярнуцца дадому на захопленыя тэрыторыі, іх не ўпускаюць у РФ
Грамадзяне Украіны ў чаканні фільтрацыі ў аэрапорце "Шарамецьева"
Украінцы, якія праз Беларусь спрабуюць трапіць дадому на акупаваныя тэрыторыі, сутыкнуліся з сур'ёзнай праблемай. У Расію з РБ яны могуць дабрацца толькі на самалёце і маючы ў кішэні два квіткі (туды і назад, на выпадак, калі не ўпусцяць у РФ). Пра гэта піша рэсурс "Флагшток" са спасылкай на тэматычны ўкраінскі чат. Пры гэтым многім адмаўляюць ва ўездзе ў РФ падчас праходжання так званай "фільтрацыі".
Адна з удзельніц чата прасіла парады, як з Гомеля дабрацца да акупаванага сяла ў Запарожскай вобласці. Ёй адказалі: "Калі ўкраінскі пашпарт, то самалёт Гомель — Шарамецьева. Фільтраванне ФСБ, і далей: Растоў — Марыупаль — Мелітопаль. Чаканне чаргі ў Шарамецьеве — 1-2 дні". Пры гэтым на самалёт рэкамендавалі купляць два квіткі, інакш не прапусцяць на пасадку. "Калі пройдзеце фільтрацыю, адзін білет здадзіце. Калі не — назад па ім ляціце. Калі пашпарт РБ або РФ — шлях вольны: хоць на самалёце, хоць на цягніку, хоць на аўтобусе", — расказаў іншы ўдзельнік чата.
У яшчэ адным чаце "адмоўнікі Шарамецьева", у якім знаходзіцца каля 22 тысяч чалавек, удзельнікі дзеляцца звесткамі пра тое, як праходзіць працэдура фільтрацыі. З іх слоў, супрацоўнікі ФСБ Расіі вывучаюць тэлефоны на прадмет лайкаў у сацсетках пад праўкраінскімі пастамі, чытаюць асабістыя паведамленні. Адзін з удзельнікаў чата Яраслаў паскардзіўся, што ён "з 2014 года супраць Майдана", што яго "прымала СБУ за антыўкраінскія пасты ў ВК", але і яго ў Расію не пусцілі. Не пусцілі ў Расію і Людмілу, хоць яна "ніколі супраць РФ ні лайка, ні каментара, наадварот падтрымлівала СВА". Ёй, з яе слоў, адмовілі ва ўездзе ў Расію пасля пытання "чаму ў ЕС адразу паехалі, а не да нас". Многія карыстальнікі чата адзначаюць, што частая прычына адмовы — наведванне краін Еўрасаюза.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.