Уплыў Расіі падае, але траціну беларусаў не палохае ядзерная зброя — сацапытанне

Расійскай прапаганды так шмат, што беларусы перанасыціліся ёю / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Расійскай прапаганды так шмат, што беларусы перанасыціліся ёю / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Арыентацыя беларусаў на Расію зніжаецца. Гэта стала новым трэндам за апошнія дзевяць месяцаў. Расійская прапаганда вычарпала свой рэсурс у Беларусі. Але ступень яе ўплыву на людзей застаецца высокай.

Пра гэта расказаў на прэзентацыі сацыялагічнага даследавання Беларускай аналітычнай майстэрні сацыёлаг Андрэй Вардамацкі. Апытанне ладзілася ў чэрвені 2023 года.

Еўрарадыё даведалася, чаму прарасійскія настроі патроху зніжаюцца, але пры гэтым толькі крыху больш за палову беларусаў бачыць небяспеку ў ядзернай зброі ў краіне.

 

Беларусы перанасыціліся расійскай прапагандай

Прарасійская арыентацыя беларусаў значна вагалася з 2018 года і да красавіка 2021 года моцна знізілася.

Па пытанні: "У саюзе з кім, на вашу думку, з Расійскай Федэрацыяй або з Еўрапейскім саюзам, варта быць", — сярэдняе значэнне за год у 2018 годзе каля 60% [за саюз з Расіяй. — Еўрарадыё], — кажа Андрэй Вардамацкі.

У красавіку 2021 года гэты паказчык склаў 41,5%. Да верасня 2022 года ён вырас да 53,6%.

Влияние России падает, но треть белорусов не пугает ядерное оружие — соцопрос
Прарасійскія настроі патроху зніжаюцца з верасня 2022 года / Беларуская аналітычная майстэрня

І мы нават бачым нязначнае падзенне прарасійскіх арыентацый. З іншага боку, павышэнне праеўрапейскіх. Можна казаць, што гэта іншы трэнд. У гэтым сэнсе робіцца зразумелым вычарпанне прапаганды. Адбылося насычэнне беларускай масавай геапалітычнай свядомасці прарасійскімі арыентацыямі. Вядома, сто адсоткаў упэўненасці не можа быць ніколі ў сацыяльных з'явах. Што будзе далей, пакажуць далейшыя вымярэнні.

Пры гэтым, калі даваць рэспандэнтам больш варыянтаў адказаў, чым выбар паміж Саюзам з Расіяй ці Еўропай, то пятая частка аддае перавагу наогул не знаходзіцца ні ў якіх саюзах.

 

Расійская ядзерная зброя палохае толькі палову беларусаў

Сацыёлагі таксама спыталі беларусаў пра вайну. Тут большасць стабільна супраць удзелу беларускага войска ў вайне супраць Украіны.

Лічбы захоўваюцца вялікімі — ад 80 да 85 адсоткаў — на працягу доўгага адрэзка часу. Не ведаю прыкладаў у найноўшай гісторыі Беларусі, калі быў бы такі вялікі адсотак негатыўнага стаўлення да нечага, — адзначае эксперт.

Влияние России падает, но треть белорусов не пугает ядерное оружие — соцопрос
Стаўленне беларусаў да ядзернай зброі: пазітыўнае, негатыўнае і нявызначанае / Беларуская аналітычная майстэрня

Негатыўныя пазіцыі толькі крыху за палову пераступаюць. Людзі не ўспрымаюць гэта як нешта рэальнае, сур'ёзнае і гэтак далей. У адрозненне ад той пагрозы, якую будзе несці з сабой прамое ўварванне на тэрыторыю Украіны.

Што тычыцца пытання, як вы ставіцеся да той акалічнасці, што расійскія войскі былі размешчаныя ў Беларусі, то тут сітуацыя наогул іншая. І пазітыўная, і негатыўная пазіцыі маюць па сорак, крыху больш працэнтаў. Гэта класічны спліт грамадскай думкі. І прыклад пранікнення расійскага наратыву.

 

Што адбываецца з медыяспажываннем?

Калі ў 2020 годзе ў Беларусі дамінавалі недзяржаўныя СМІ, то ў чэрвені 2023 года назіраецца ўздым даверу да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, а таксама да расійскіх.

Вось і ўвесь сакрэт і тлумачэнне, чаму расійскі наратыў гэтак эфектыўна пранікае. Гэта ўсё — дзякуючы дзеянням расійскіх сродкаў масавай інфармацыі, а таксама беларускіх дзяржаўных, якія вельмі часта прапануюць сапраўды такі ж наратыў.

Аднак аўдыторыя беларускага тэлевізара адрозніваецца ад гледачоў расійскага.

Беларускае тэлебачанне мае ў параўнанні з расійскім амаль удвая большы праеўрапейскі сегмент [аўдыторыі. — Еўрарадыё].

Паводле іншых крыніц інфармацыі, сярод карыстальнікаў сацыяльных сетак найбольш праеўрапейскімі выявіліся тыя, хто аддае перавагу Facebook.  

***
Апытанне ладзілася па тэлефоне. Удзел бралі грамадзяне Беларусі, у тым ліку сельскае насельніцтва, ва ўзросце ад 18 гадоў. Выбарка — каля тысячы чалавек. Статыстычная хібнасць складае 3,2%.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі