Вальфовіч расказаў, чаму Беларусь "прыкрыла" дарогі на мяжы з Расіяй

Мяжа Беларусі і Расіі / Reuters
Мяжа Беларусі і Расіі / Reuters

Другарадныя дарогі на мяжы з Расіяй "прыкрытыя" дзеля бяспекі як беларусаў, так і расіян. Пра гэта дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч заявіў у інтэрв'ю тэлеканалу АНТ.

Па словах Вальфовіча, дзеля абароны межаў Беларусі шчыльна ўзаемадзейнічаюць усе спецслужбы — КДБ, Памежны камітэт, МУС і войска. Яны "прыкрываюць асноўныя напрамкі тэрарыстычнага руху, дзе могуць прайсці незаконныя ўзброеныя фармаванні".

Гаворачы пра мяжу з Расіяй, Вальфовіч падкрэсліў, што яе фактычна няма: "Ні ў якай меры не закрываючыся ад нашых стратэгічных партнёраў, Расійскай Федэрацыі, разумеем выдатна, што як такой мяжы з Расійскай Федэрацыяй няма, таму што гэта нашы саюзнікі. Таму шэраг крокаў мы распачалі па прыкрыцці, у тым ліку і розных дарог неасноўнага карыстання. Было абурэнне невялікае ў прэсе. Але гэта было накіравана, перш за ўсё, на забеспячэнне бяспекі людзей як на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, так і на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі".

Як распавядала Еўрарадыё, 5 траўня Беларусь увяла памежны кантроль на сухапутнай мяжы з Расеяй. У тых, хто едзе на аўто ў Беларусь з Расіі, сталі правяраць дакументы і багажнікі машын.

Памежны камітэт заявіў, быццам гэтыя праверкі праводзяцца ў рамках выканання ратыфікацыйнага пагаднення аб узаемным прызнанні віз з Расіяй. А кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Алейнік назваў гэтыя меры "маніторынгам сітуацыі", які праводзіцца ва ўзаемадзеянні з расійскай памежнай службай.

Таксама на пачатку траўня стала вядома, што на мяжы з Расіяй перакапалі ці завалілі дрэвамі дробныя аб'язныя дарогі на мяжы, якія выкарыстоўвалі пераважна мясцовыя жыхары.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі