"Мы настойваем на яго невінаватасці": Віктару Бабарыку выставілі абвінавачванне
Прэтэндэнту на пост прэзідэнта Беларусі Віктару Бабарыку выставілі абвінавачванне ў крымінальнай справе. Па якім артыкуле вінавацяць экс-банкіра, трымаецца ў таямніцы. Пра гэта радыё "Свабода" распавёў адвакат экс-банкіра Дзмітрый Лаеўскі.
Паводле Лаеўскага, ён і Аляксандар Пыльчанка 20 чэрвеня былі выкліканыя для працэсуальных дзеянняў. Яны знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошванні. Віктар Бабарыка жывы і здаровы:
"Мае намер адстойваць свае перакананні і сумленнае імя. Мы настойваем на яго невінаватасці", — падкрэсліў Лаеўскі.
Віктар Бабарыка быў затрыманы 18 чэрвеня і змешчаны ў СІЗА КДБ. Улады запэўніваюць, што ён з'яўляецца "кіраўніком супрацьпраўнай дзейнасці".
Раней у вялікім інтэрв'ю РБК Бабарыка заявіў, што ён і яго каманда падрыхтаваліся да выбараў, нават калі ён будзе "па-за зонай дасягнення". Тады "кандыдат у кандыдаты" быў перакананы, што яго не могуць асудзіць да 9 жніўня:
"Яны [улады] будуць павінны паспрабаваць зрабіць так, каб да 9 жніўня адбыўся суд, але гэта парушэнне ўсіх працэсуальных нормаў. Гэта проста немагчыма".
20 чэрвеня ў ЦВК прынялі дакументы на рэгістрацыю Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзідэнты Беларусі. За вылучэнне экс-банкіра ў прэзідэнты падпісалася больш за 430 тысяч беларусаў. У выбарчыя камісіі было пададзена 275 тысяч подпісаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.