Віталь Гуркоў пра чэмпіёнскі пояс: Усё было нібыта ў сне, нібыта не са мной

У ноч з суботы на нядзелю 26 студзеня Віталь Гуркоў адабраў пояс чэмпіёна свету сярод прафесіяналаў WBC у знакамітага тайскага байца Кема. Для многіх заходнееўрапейскіх заўзятараў муай-тай гэта падзея стала сенсацыяй.

На жаль, арганізатары турніру Ring War, з якімі звязалася Еўрарадыё, пакуль адмаўляюцца выкладаць відэазапіс двубоя ў сеціва. А прамая трансляцыя гістарычнай падзеі перарвалася ў самы непатрэбны момант.

Таму едзем дадому да Віталя Гуркова як толькі ён прыляцеў у Мінск, каб распытаць пра падрабязнасці.  

Прыязджаем, разглядаем чэмпіёнскі пояс і трывожымся з-за гематомаў і рассячэння, якіх не было відаць на фота, зробленых у Мілане.

“Не звяртайце ўвагі, гэта працоўныя моманты, скажам так. Усё абышлося добра”, ― супакойвае нас баец беларускай мовай.  

Еўрарадыё: Арганізатары турніру Ring War пакуль не распаўсюджваюць відэа. Распавядзіце, як праходзіў двубой, так бы мовіць, вашымі вачыма…

“Маімі соннымі вачыма. Па нашым часе двубой быў прыкладна а трэцяй ночы. З турнірам зацягнулі, было зашмат паядынкаў, ― распісвае падзеі Віталь, запарваючы гарбату. ― А наш тытульны двубой быў галоўны, апошні. З-за пералёту і згонкі вагі не ўдалося нармальна паспаць. Усё было нібыта ў сне, нібыта не са мной”.

Еўрарадыё: Заўзятары каменцілі ў сацыяльных сетках, што пачатак двубоя выдаўся для вас складаным.  

Віталь Гуркоў: У першых двух раўндах я нарабіў шмат памылак, напрапускаў непатрэбных удараў з ног. Так званых тайскіх кікаў. Супернік працаваў ад абароны, у сценачку, я не чакаў такой тактыкі. Кем лавіў мяне на маіх памылках. А я прымаў гэту гульню. Здароўя ў мяне быў вагон, а думак не хапала.

Еўрарадыё: І як удалося пераламіць двубой?

Віталь Гуркоў: З трэцяга раўнда я пачаў накручваць тэмп і навязваць сваю манеру. Фізічная моц беларуса перамагла тайскую хітрасць.

Для Віталя (справа) першыя раўнды тытульнага двубоя складваліся неадназначна 

Еўрарадыё: Нягледзячы на сусветную вядомасць,у вас ніколі не было двубояў за тытул. У таго ж Кема, якога вы перамаглі, паясы не змяшчаюцца на руках і тулаве.

Віталь Гуркоў: Здабыць чэмпіёнскі пояс я хацеў усё жыццё.  Вельмі прыемна, што гэты пояс па славутай версіі WBC. Такая самая ёсць у прафесійным боксе. Раней магчымасці пазмагацца за тытул не выпадала. Павінен быць мэнэджар і прамоўтар, які б да гэтага двубою прывёў. А такога чалавека не было. Аднак дзякуючы перамогам на аматарскім рынгу мне зрабілі прапанову.

Еўрарадыё: Інфармацыйныя сайты перадавалі, што на міланскіх трыбунах было нямала беларускіх фэнаў.

Віталь Гуркоў: Я быў, шчыра скажу, здзіўлены, што ў Італію прыехала даволі шмат заўзятараў. Іх было вельмі добра чуваць. Былі і рупары, і бубны. Віселі розныя сцягі. Нават сцяг хакейнага “Дынама-Мінск”, з зубрам. Былі гістарычныя сцягі. Пасля турніра падыходзілі фатаграфавацца людзі, з дзяржаўнымі сцягамі. Мне было вельмі прыемна, што землякі прыехалі падтрымаць. А я не падзяляю беларусаў на нашых-нянашых. Цудоўна, што спорт можа аб’ядноўваць нацыю і згладжваць палітычныя супярэчнасці.

Еўрарадыё: Калі чакаць вашых новых двубояў?

Віталь Гуркоў: Наступны паядынак павінен адбыцца ў Лас-Вегасе 8-га сакавіка, па правілах кікбоксінга.

Еўрарадыё: Не самыя зручныя правілы для вас. Некаторыя спецыялісты лічаць, што кікбоксінг не ваш канёк.

Віталь Гуркоў: Няважна, што лічаць спецыялісты. Я люблю баксіраваць. Мне падабаецца займацца тым, чым я займаюся. Гэта будзе новая цікавая прыступка ў кар’еры.  

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі