Вялікае свята: 30 гадоў таму Беларусь здабыла незалежнасць
25 жніўня 1991 года Вярхоўны Савет БССР надаў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце статус канстытуцыйнага закону.
Сесія была склікана па патрабаванні дэпутатаў апазыцыі БНФ і працавала 24–25 жніўня. Напярэдадні група дэпутатаў запатрабавала, каб ёй далі прамы тэлефір. Дэпутаты заклікалі жыхароў сталіцы прыходзіць да Дому ўраду. На плошчы сабраліся тысячы людзей.
У выніку Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР быў нададзены статус канстытуцыйнага закону — Беларусь юрыдычна зрабілася незалежнай дзяржавай. "За" прагаласавалі 253 дэпутаты пры неабходных 232 галасах.
Ужо праз некалькі дзён пачаўся працэс прызнання Беларусі краінамі свету. Так, у пачатку верасня Польшча прызнала Беларусь як незалежную дзяржаву. Таксама ў верасні Вярхоўны Савет прыняў рашэнне аб назве краіны (замест БССР — Рэспубліка Беларусь) і наданні бел-чырвона-беламу сцягу і гербу "Пагоня" статусу дзяржаўных сімвалаў.
З нагоды 30-й гадавіны незалежнасці краіны беларусаў павіншавала Святлана Ціханоўская.
"Гэты дзень мусіў быць у Беларусі святочным і радасным, але сустракаем мы юбілей Незалежнасці пад пагрозай яе страты, у атмасферы рэпрэсій. Тысячы патрыётаў нашай краіны расплаціліся ўласным лёсам за мару бачыць яе незалежнай — у сталінскім ГУЛАГу, у Курапатах, на вулічных пратэстах і зараз у турме. Але для ўсіх нас яны — гэта прыклад змагання за лепшую долю свайго народу. Нам варта памятаць усю нашую гісторыю, каб выпадковыя ва ўладзе людзі не мелі магчымасці яе перапісваць", — адзначыла Ціханоўская ў сваім звароце.
Напрыканцы звароту яна выказала ўпэўненасць, што Беларусь будзе "вольнай і заможнай, а галоўнае, што яна захавае сваю незалежнасць".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.