Акцыю памяці Паўла Шарамета правядуць беларускія і ўкраінскія журналісты
Беларускія і ўкраінскія журналісты правядуць акцыю памяці Паўла Шарамета ў Кіеве, паведамляе БАЖ.
28 лістапада журналісту Паўлу Шарамету споўнілася б 50 гадоў. У гэты дзень журналісты збяруцца на месцы забойства Паўла на скрыжаванні вуліц Багдана Хмяльніцкага і Івана Франка ў Кіеве. Мэта акцыі — запаліць свечы і ўзгадаць "выдатнага калегу, якім ганарыцца і каго бярэ за прыклад журналісцкая супольнасць дзвюх краінаў", адзначаецца ў паведамленні.
Акцыя не будзе палітычнай. Яна пачнецца 28 лістапада ў 17.00 каля помніка Паўлу Шарамету ў Кіеве.
Павел Шарамет загінуў у Кіеве 20 ліпеня 2016 года — яго аўтамабіль быў узарваны. У снежні 2019 года міністр унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў у прысутнасці прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага заявіў пра раскрыццё справы. Падазраванымі была названая група асобаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.