Як дагестанцы, якія выступаюць на Алімпіядзе, прабіліся ў зборную Беларусі
У суботу, 20 ліпеня ў Рыа распачнецца мужчынскі турнір па вольнай барацьбе. За Беларусь выступаюць Ібрагім Саідаў (125 кг), Амаргаджы Магамедаў (86 кг) і Асадула Лачынаў (57 кг). Яшчэ год таму нават абазнаныя ў барацьбе заўзятары і блізка не чакалі, што нашу краіну прадставяць менавіта гэтыя спартсмены. Іх шлях на Алімпіяду аказаўся ў нейкім сэнсе сенсацыйным.
Ібрагім Саідаў — адзін з самых “маленькіх” барцоў
Да апошняга моманту гэты спартсмен і блізка не лічыўся першым нумарам беларускай барацьбы.
У 2010-м Ібрагім Саідаў стаў чэмпіёнам Расіі ў катэгорыі 97 кг. А праз некалькі гадоў пасля гэтага тагачасны трэнер нашай зборнай Анатоль Белаглазаў запрасіў яго ў Беларусь “для ўмацавання канкурэнтаздольнасці”.
“Калі няма канкурэнтаў у зборнай, то лідар пачынае расслабляцца, прыдумляць розныя адмазкі: туды паеду, сюды не паеду, хварэю і гэтак далей”, — распавядае вядомы гродзенскі трэнер Жуматай Шубаеў, які цягам апошняга года апякае Ібрагіма і многіх іншых вядомых беларускіх барцоў.
У Беларусі дагестанскі барэц доўга чакаў свайго шанцу. Справа ў тым, што на Алімпіяду разлічвалі адправіць чэмпіёна свету 2011 года і прызёра Еўрапейскіх гульняў Аляксея Шамарава. Але на чэмпіянаце свету-2015 у Лас-Вегасе ў яго абвастрылася старая траўма — міжпазваночная грыжа. Нашага лідара давялося апераваць, ён выбыў з алімпійскай абоймы. Шамарава замяніў Юсуп Джалілаў, які ўзяў для Беларусі алімпійскую ліцэнзію. Але ў траўні ў барца выявілі допінг. На апошні ліцэнзійны турнір у аўральным парадку адправілі Ібрагіма Саідава, які выдатна скарыстаў свой нечаканы шанц.
“Барца паднялі за тры гадзіны да вылету. На самалёт Ібрагім не паспеў, давялося ляцець іншым рэйсам. У адной са схватак ён сустрэўся з прызёрам чэмпіянату свету. Прайграваў чатыры ачкі, але здолеў дагнаць і перамагчы. Нягледзячы на ўсе складанасці, Саідаў заваяваў ліцэнзію. А быў час, калі яго ўжо спісалі з рахункаў…” — расказвае Жуматай Шубаеў пра няпросты шлях барца на Алімпіяду.
Сімпатыяў нашаму спартсмену дадае тое, што ён, выступаючы ў катэгорыі да 125 кг, важыць блізу 105 кг. Ібрагім Саідаў — адзін з самых “маленькіх” барцоў алімпійскага турніру ў сваёй вагавой катэгорыі.
Амаргаджы Магамедаў — барэц, якога два гады таму прыбралі са зборнай
Спартсмен прадставіць Беларусь у вагавой катэгорыі да 86 кг.
Амаргаджы прыехаў у Беларусь восем гадоў таму, трэніруецца пад апекай вядомага спецыяліста Валянціна Мурзінкова. У 2014 годзе на чэмпіянаце свету ў Ташкенце ён праваліўся — стаў 32-м. Пасля гэтага Магамедава выключылі са зборнай.
“Такое сапраўды было. Але ён правільна ўспрыняў сітуацыю. Крыўдаў на кіраўніцтва нацыянальнай каманды не было. Ён тады зрабіў высновы і вырас як спартсмен. Іншыя, можа быць, апусцілі б рукі, а яму гэтая сітуацыя дала сілы”, — узгадвае Валянцін Мурзінкоў, асабісты трэнер Магамедава.
Летась у кастрычніку на пост галоўнага трэнера зборнай прыйшоў Аляксандр Ласіца, які вярнуў барца ў каманду. Паміж Магамедавым і маладым беларускім барцом з Гродна Аляксандрам Гуштынам завязалася жорсткая і прынцыповая канкурэнцыя.
У асабістых сустрэчах тройчы перамагаў Гуштын, да таго ж ён узяў бронзу на чэмпіянаце Еўропы-2016. Але нават з некалькіх спробаў заваяваць алімпійскую ліцэнзію Гуштыну не ўдалося.
А Амаргаджы Магамедаў зрабіў гэта з першага разу. На ліцэнзійным турніры ў Сербіі ён перамог двухразовага чэмпіёна свету з Украіны Ібрагіма Алдатава.
Канкурэнцыя працягвалася нават падчас летніх збораў беларускай каманды ў Азербайджане. У выніку галоўны трэнер Ласіца выканаў абяцанне і прыняў рашэнне, везці на Алімпіяду таго байца, які заваяваў алімпійскую ліцэнзію — Амаргаджы Магамедава.
Асадула Лачынаў трапіў на Алімпіяду, дзякуючы дыскваліфікацыі расійскага барца
На чэмпіянаце свету-2015 у Лас-Вегасе прадстаўнік Беларусі заняў сёмае месца. Алімпійскія ліцэнзіі здабылі першыя шасцёра. Але сёлета напрыканцы ліпеня стала вядома пра дыскваліфікацыю расійскага барца Віктара Лебедзева. Міжнародная федэрацыя “Аб’яднаны свет барацьбы” даслала ў беларускі НАК дакумент пра тое, што алімпійская квота пераразмеркаваная на карысць Асадулы Лачынава. Спартсмен атрымаў, хіба, найвялікшую магчымасць у сваім жыцці.
Чаму на Гульні не трапілі нашы самыя тытулаваныя вольнікі?
Беларусь закрыла толькі тры алімпійскія ліцэнзіі з шасці у мужчынскай вольнай барацьбе. Пры гэтым у апошнія гады ў СМІ фігуравалі імёны якраз тых вольнікаў, якія ў Рыа не трапілі. Апроч траўмаванага Аляксея Шамарава, напрыклад, разлічвалі на Алі Шабанава — двухразовага медаліста чэмпіянатаў свету ў вазе да 74 кг. Але сёлета на чэмпіянаце Еўропы ў Рызе ён атрымаў разрыў крыжападобных звязак.
У Асадулы Лачынава ў зборнай Беларусі быў грозны канкурэнт — беларускі якут Уладзіслаў Андрэеў. Ён атрымаў траўму ў 2015 годзе і не здолеў хутка ўзнавіцца.
У ліцэнзійных турнірах удзельнічалі і ўраджэнцы Беларусі. Але тыя ж маладыя і перспектыўныя Андрэй Карпач (74 кг), Раман Чытадзэ (74 кг) не змаглі прабіцца на Алімпіяду. Шкада, але з трох спроб не здабыў ліцэнзію і Іван Янкоўскі (97 кг).