Урбаністычныя Каляды: у сталічным клубе выплясвалі каза з мядзведзем (фота)

6 студзеня. Клуб Re:Public. Аднекуль з неба спускаецца каляднае шэсце, на чале якога Алег Хаменка вядзе Казу. А потым на танцполе калядная Каза памірае і нараджаецца, Мядзведзь дэманструе, як мужыкі ідуць з карчмы, гучаць традыцыйныя "На нова лета" ды "Бегла колядка пешком, пешком".

"Чаму я сюды прывёў сваіх дзяцей? Дзеля таго, каб яны хоць крыху разумелі, што такое Каляды і як яны гучаць на роднай мове, — кажа бацька дваіх дачушак Рыгор. — Я, на жаль, я не магу карыстацца ў жыцці беларускай мовай, але лічу, што трэба, каб людзі валодалі мовай, і таксама хадзілі на падобныя канцэрты, праз якія змогуць даведацца пра сваю культуру. Бо без культуры сучаснае грамадства — гэта ноль".

Алег Хаменка прывучае беларусаў да свята Каляд ужо 15 гадоў. Гэтым разам музыка, каб заахвоціць публіку апранацца ў карнавальныя строі, нават засноўвае грашовую прэмію: мільён з уласнай кішэні!


"Пераапрананне ўвогуле мае вельмі глыбокі і містычны сэнс, — перакананы музыка. — Тут мы ўзгадваем, якімі былі і якімі сталі пасля нараджэння Збавіцеля, што трэба абавязкова, нават для псіхічнага здароўя, апрануцца ў аватарнае, а з нараджэннем Збавіцеля вярнуцца да свайго ўласнага твару".

Праўда, тэорыя Алега пра "карысць маскіравання для псіхічнага здароўя" пакуль не надта вядомая беларусам. Таму карнавальных касцюмаў ў "Рэпабліку" можна налічыць не больш за дзесятак, калі не ўлічваць публіку ў традыцыйных беларускіх строях. Мільён сыходзіць "Калядзе" Патрыцыі і "Козачцы" Веры — выхаванцам этна-спявачкі Ірэны Катвіцкай.


"Хацелася б больш каляднага настрою менавіта не на сцэне, а ў зале, — дзеліцца ўражаннямі ад свята рэпер SP Kava. — Магчыма, выпіць больш трэба было ўсім, магчыма, людзі перасталі верыць у цуды, магчыма, мы згубілі свае традыцыі. Мне падаецца, што трэба менш сур'ёзна глядзець на тое, што адбываецца, і стаць крыху больш наіўнымі хаця б на адзін вечар".

Атмасферу свята ствараюць гурты "Альтанка", Lity Taler, "Ветах", Guda. На танцполе танчаць польку, грачаніху, водзяць ручайкі ды карагоды, якія пераходзяць у шалёныя танцы пад "Палац". І хоць эканаміст Сяргей Чалы пакутуе ад трубы Юрася Белякова і замест "Палацу" чуе "Ляпісаў", песні пачынальнікаў беларускага фолк-мадэрну электрызуюць Re:Public да максімуму. Хаменка і кампанія даюць старт урбанізаванаму каляднаму марафону, які цягнецца да Вадохрышча. Каляда прыйшла!
 

"Альтанка"

Lity Taler

"Ветах"

Guda

Павел Юрцэвіч у касцюме пажа

"Палац"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі