Як за часамі Лукашэнкі паступова знікала з ужытку беларуская мова

Беларуская мова знікае з ужытку ў Беларусі / @rubanau_collage
"Нельга забываць сваю мову. Калі мы не будзем ведаць беларускай мовы, мы — не беларусы". Можна падумаць, што гэтыя словы належаць Янку Купалу ці Якубу Коласу, але, як ні смешна, іх аўтар — Аляксандр Лукашэнка.
Так палітык у 2022 годзе на нарадзе ў Акадэміі навук выказаўся пра ўмацаванне нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў. Але іронія ў тым, што ўсе апошнія 30 гадоў улады рабілі ўсё, каб прыбраць беларускую мову з публічнага поля.
Еўрарадыё ў Дзень роднай мовы ўспамінае, як дзяржава планамерна змагалася з праявамі беларускасці ў краіне.
Лёсавызначальны рэферэндум
У 1995-м, не прабыўшы ва ўладзе і года, Аляксандр Лукашэнка ініцыяваў першы рэспубліканскі рэферэндум, які вызначыў будучыню краіны на шмат гадоў наперад. Грамадзянам прапанавалі адказаць на чатыры пытанні: ці варта надаць рускай мове статус дзяржаўнай нароўні з беларускай, змяніць дзяржаўную сімволіку, паглыбіць эканамічную інтэграцыю з Расіяй і даць прэзідэнту права распускаць парламент.
Вынікі галасавання былі спрыяльныя для ўлады: 83,3% выбаршчыкаў падтрымалі наданне рускай мове дзяржаўнага статусу, 75,1% — замену дзяржаўных сімвалаў, 83,3% — эканамічнае збліжэнне з Расіяй, а 77,7% пагадзіліся на пашырэнне прэзідэнцкіх паўнамоцтваў.
Гэты рэферэндум стаў пераломным момантам у гісторыі Беларусі. Нягледзячы на тое, што беларуская мова фармальна захавала статус дзяржаўнай, яе сфера выкарыстання пачала імкліва звужацца.
Чыноўнікі і вайскоўцы, якія яшчэ ў пачатку 1990-х спрабавалі размаўляць па-беларуску, хутка адмовіліся ад гэтай практыкі і цалкам перайшлі на рускую. Лукашэнка, хоць і гаварыў з характэрным беларускім акцэнтам, таксама пераважна карыстаўся рускай мовай.
Cкарачэнні беларускамоўных школ і класаў
Апошнія 30 гадоў у краіне назіраецца паступовае скарачэнне колькасці школ і класаў з навучаннем на беларускай мове.
У 1994–1995 навучальным годзе ў Мінску 58% першакласнікаў вучыліся па-беларуску. Аднак з прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі ў 1994 годзе гэтая лічба пачала імкліва зніжацца. Да 1999 года толькі 5,3% мінскіх першакласнікаў атрымлівалі адукацыю на беларускай мове.
Тэндэнцыя да скарачэння беларускамоўных школ працягвалася і ў наступныя дзесяцігоддзі. У 2016–2017 навучальным годзе па ўсёй краіне каля 128 тысяч вучняў вучылася на беларускай мове, што складала прыкладна 13,3% ад агульнай колькасці школьнікаў.
Пры гэтым большасць такіх школ знаходзіліся ў вясковай мясцовасці, дзе праз паступовае скарачэнне насельніцтва штогод закрывалася каля 100 невялікіх школ, многія з якіх былі беларускамоўнымі.
У 2020-х працэс русіфікацыі адукацыі набірае абароты далей. Асабліва гэта заўважна пасля падзей 2020 года і ўзмацнення ўплыву Расіі на Беларусь.
Міністр адукацыі Андрэй Іванец у 2023 годзе паведаміў, што на беларускай мове вучыцца каля 10% школьнікаў, пры тым што 40% школ фармальна лічыцца беларускамоўнымі.
Аднак ён прызнаў, што большая частка такіх школ знаходзіцца ў вясковай мясцовасці, дзе колькасць вучняў паступова скарачаецца.
У 2020 годзе Міністэрства адукацыі заяўляла, што ў Беларусі больш за 45% школ — беларускамоўныя. Але ўжо праз тры гады гэтая доля афіцыйна знізілася да 40%, што сведчыць пра паступовае знікненне нацыянальнай адукацыі нават паводле афіцыйных звестак.
Беларускамоўныя школы сёння захаваліся пераважна ў вёсках, але праз малую колькасць вучняў многія з іх паступова закрываюцца. У гарадах жа сітуацыя яшчэ горшая: у некаторых няма ніводнага беларускамоўнага класа.
У большасці школ беларуская мова прысутнічае толькі як прадмет, у той час як іншыя дысцыпліны, уключаючы гісторыю Беларусі, выкладаюцца па-руску.
Станам на 2023 і 2024 навучальныя гады цалкам беларускамоўныя школы захаваліся толькі ў Мінску. У раённых цэнтрах беларускамоўная адукацыя засталася ў дзвюх школах: у гімназіі №2 у Барысаве і школе №4 у Іванаве Брэсцкай вобласці.
Некаторыя школы, якія раней былі беларускамоўнымі, пераходзяць на рускую мову навучання. Напрыклад, глыбоцкая школа №3 з 2006 года стала дзвюхмоўнай, а навагрудская гімназія №1, дзе вучыўся і выкладаў вядомы беларускі навуковец Барыс Кіт, цалкам перайшла на рускую мову.
Барацьба супраць выкарыстання лацінкі
Рэжым Лукашэнкі працягвае палітыку русіфікацыі, і чарговым крокам на гэтым шляху стала ліквідацыя беларускай лацінкі ў афіцыйнай транслітарацыі геаграфічных назваў. Гэтае рашэнне было прынятае пасля нарастання крытыкі з боку праўладных актывістаў, якія абвясцілі лацінку "чужой" і "паланізатарскай".
Афіцыйна пытанне разглядалася на паседжанні Рэспубліканскай рады па гістарычнай палітыцы пры Адміністрацыі прэзідэнта 8 снежня 2022 года.
Пасля гэтага кіраўнік Адміністрацыі Ігар Сяргеенка скіраваў Лукашэнку дакладную запіску, у якой сцвярджалася, што выкарыстанне лацінкі "ўскладняе ўспрыманне інфармацыі" і "з'яўляецца элементам культурнага ўплыву Захаду".
У адказ Лукашэнка падпісаў даручэнне, якое загадвала дзяржорганам перастаць выкарыстоўваць беларускую лацінку.
У выніку Дзяржаўны камітэт па маёмасці ўнёс змены ў афіцыйную інструкцыю па транслітарацыі геаграфічных назваў, што прывяло да поўнага выключэння беларускай лацінкі з ужытку ў публічных прасторах.
Новыя правілы прадугледжваюць транслітарацыю не толькі з беларускай, але і з рускай мовы, што яшчэ больш узмацняе пазіцыі рускай моўнай дамінацыі.
Гэтае рашэнне выклікала неадназначную рэакцыю. Беларускія грамадскія актывісты і мовазнаўцы адзначаюць, што ліквідацыя беларускай лацінкі — гэта не толькі парушэнне прынцыпаў гістарычнай справядлівасці, але і адмаўленне ад часткі нацыянальнай ідэнтычнасці.
Пры гэтым улады працягваюць настойваць, што транслітарацыя геаграфічных назваў на лацінку неабавязковая ўнутры краіны і мусіць выкарыстоўвацца толькі для міжнародных карт.
Знікненне беларускай мовы са сферы ўжытку
Беларуская мова страчвае камунікацыйную функцыю ў грамадстве. Паводле даследавання цэнтра BISS, у параўнанні з краінамі Усходняга партнёрства Беларусь апынулася на апошніх пазіцыях па выкарыстанні нацыянальнай мовы ў медыя і побыце.
Сярод 33 еўрапейскіх краін краіна займае апошняе месца па прызнанні нацыянальнай мовы як фактару ідэнтычнасці.
Пасля 2020 года рэпрэсіі супраць беларускай культуры і мовы ўзмацніліся. Беларускамоўныя ініцыятывы сёння разглядаюцца ўладамі як патэнцыйна апазіцыйныя. Пагаршэнне сітуацыі абумоўленае і ваеннымі дзеяннямі Расіі ва Украіне, што спрыяе яшчэ большай залежнасці афіцыйнага Мінска ад Масквы і маргіналізацыі беларускай мовы.
У выніку дзяржава амаль цалкам адмовілася ад падтрымкі беларускай мовы. Яе захаванне цяпер шмат у чым залежыць ад дыяспары, грамадскіх ініцыятываў і проста ад саміх беларусаў, дзе б яны ні знаходзіліся.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.