З-за санкцый у беларускіх заводаў па вытворчасці пелет узніклі праблемы
Пелеты
Прадпрыемствы па вытворчасці пелет пасля ўвядзення санкцый працуюць на мінімальнай магутнасці, расказаў у эфіры дзяржТБ кіраўнік Мінлясгаса Аляксандр Кулік. Знайсці новыя рынкі збыту вытворцам так і не ўдалося.
"Мерзнуць на Захадзе, але на нашу прадукцыю, экалагічна чыстыя пелеты з драўніны, прынамсі мінулы сезон, ставілі заслон. Паглядзім, як у гэтым", — цытуе чыноўніка рэсурс "Позірк". Па словах Куліка, крыху ўдалося павялічыць пастаўкі на ўнутраны рынак. І працягваецца пошук новых рынкаў.
Прадпрыемствы па вытворчасці пелет масава сталі ствараць у Беларусі ў 2019 годзе — гэта было даручэнне Аляксандра Лукашэнкі. Так чынам хацелі вырашыць праблему перапрацоўкі драўняных адходаў. У выніку замест шасці толькі ў Міністэрстве лясной гаспадаркі з'явілася 16 заводаў. Такія ж прадпрыемствы ёсць у структуры канцэрна "Беллеспаперапрам". Сёлета ў лютым віцэ-прэм'ер Пётр Пархомчык расказваў, што прыпынілася будаўніцтва чарговага завода ў Бабруйску. Тады ж ён заявіў, што "важна знайсці простае і правільнае рашэнне ў выкарыстанні пелет на ўнутраным беларускім рынку".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.