За абарону сваёй хаты ад грабежніка пенсіянера будуць судзіць

У Пружанах міліцыя распачала крымінальную справу на пенсіянера-інваліда Аляксандра Мядзведзева. Той з дапамогай дрына абараніў сваю хату ад грабежніка. Пенсіянера абвінавачваюць у перавышэнні межаў неабходнай самаабароны. Пасля двух удараў па галаве грабежнік апынуўся ў рэанімацыі. Цікава, што супраць яго крымінальная справа пакуль не распачатая.
Начальнік Пружанскага РАУС Мікалай Папко тлумачыць гэта тым, што “пацярпелы” знаходзіцца без прытомнасці і міліцыянты не маюць магчымасці яго дапытаць.

Крымінальную справу супраць пенсіянера Мядзведзева Мікалай Папко ўсур’ёз успрымаць не раіць. Лічыць, што патрапіць за краты таму не пагражае.

Мікалай Папко: “Былі нанесеныя цяжкія цялесныя пашкоджанні, а ў такім выпадку мы вымушаныя пачынаць крымінальную справу. Абарона павінна адпавядаць пагрозе, а тут пенсіянер перастараўся.

Яму трэба было выклікаць міліцыю. 2-3 хвіліны — і мы прыязджаем на месца здарэння. Пакуль мы не можам казаць, якое пакаранне чакае гэтага пенсіянера.

Яму 66 гадоў. Суд можа і ўмоўнае пакаранне яму прызначыць. Я думаю, што тут ніякай трагедыі не павінна быць”
.

Пенсіянер Аляксандр Мядзведзеў не лічыць сябе вінаватым. Падзеі той начы ён пераказвае вельмі эмацыйна і з хваляваннем.

Аляксандр Мядзведзеў: “Чую — шыба разбілася, а потым акно вывалілася ў качагарку. Я выйшаў туды і бачу: стаіць у пакоі артыст гэты. Не думаючы, схапіў дрын і яго ім агрэў. Што гэта было: рабунак, а можа, ён залез з мэтай забойства?

Я інвалід, у мяне нагі няма, мне 66 год. За што мяне саджаць — падумайце самі? Мне патрапіўся ў рукі цурбан, я ім яго і агрэў. Ён на гэтым і супакоіўся. Потым я пайшоў да тэлефона і сам выклікаў міліцыю”
.

Па словах адваката Веры Страмкоўскай, выпадкі, калі людзі перавышаюць мяжу неабходнай самаабароны, здараюцца даволі часта. І кожны трэба разглядаць паасобку.

Вера Страмкоўская: “Ён яму не сіняк паставіў, а нанёс цяжкія цялесныя пашкоджанні, якія панеслі за сабой страту здароўя на тэрмін, большы за 21 дзень.

Усё будзе залежаць ад таго, якія будуць наступствы і наколькі адэкватнымі былі дзеянні чалавека, які наносіў пашкоджанні. Гэта артыкул 152 Крымінальнага Кодэксу.

Вось як ён гучыць: “Наўмыснае нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў пры перавышэнні межаў неабходнай абароны. Караецца грамадскімі работамі, альбо штрафам, альбо выпраўленчымі работамі на тэрмін ад 1 года, альбо арыштам да 3 месяцаў, альбо абмежаваннем волі на тэрмін да 2 гадоў”.

Санкцыя вельмі мяккая. Гэта злачынства лічыцца малазначным і няцяжкім”
.

І адвакат, і начальнік Пружанскай міліцыі сцвярджаюць, што па дапамогу заўсёды лепш звяртацца ў міліцыю. А ў тым выпадку, калі не застаецца выбару, не перавышаць межы неабходнай самаабароны.

Праўда, як іх вызначыць, казаць не бяруцца. Мікалай Папко нават прывёў прыклад, як у Пружанах мужчына забіў зламысніка, абараняючы ўраджай гуркоў на ўласным агародзе. У выніку атрымаў год "хіміі".

Фота — www.rufront.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі