За "крывавы салют" начальніку вайсковай камендатуры абвясцілі строгую вымову

За "крывавы салют" начальніку вайсковай камендатуры абвясцілі строгую вымову

У Мінску працягваецца суд па справе аб "крывавым салюце", які здарыўся 3 ліпеня 2019 года. Тады ад разрыву снарадаў загінула 64-гадовая жанчына, а больш за дзесяць чалавек атрымалі траўмы. 

Абвінавачанымі па справе праходзяць два супрацоўнікі расійскай фірмы "Піра-Рос" Максіміліян Сапронаў і Канстанцін Дзянісаў (парушэнне правілаў абыходжання з піратэхнічнымі вырабамі, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека і прычыненне шкоды ў буйным памеры — ад 2 да 7 гадоў пазбаўлення волі), а таксама камандзір роты Мінскай ваеннай камендатуры Аляксей Круглік (парушэнне правілаў абыходжання з прадметамі, якія ўяўляюць павышаную небяспеку для навакольных, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека і прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры — да 5 гадоў пазбаўлення волі).

Сёння на судзе дапыталі былога начальніка Мінскай ваеннай камендатуры Мікалая Кураша. Ён распавёў, што міністр абароны вынес яму дысцыплінарнае спагнанне па прадпісанні Следчага камітэта — строгую вымову. Акрамя таго, Кураш перастаў узначальваць камендатуру — у яго цяпер іншая пасада, адзначае TUT.by. Кураш не адказаў, ці звязана гэтая перамена ў яго службе з "крывавым салютам".

Камандзір роты ваеннай камендатуры Круглік раней казаў на судзе, што леташні выбух — гэта не першае надзвычайнае здарэнне падчас салютаў. Салютныя ўстаноўкі тройчы выбухалі, хаця і з іншых прычынаў — у 2013, 2017 і 2018 гадах. 

Круглік заявіў, што некаторыя феерверкі, якія ён атрымаў у 2019 годзе былі бракаванымі. Аднак кіраўніцтву ён пра гэта не дакладваў, бо 9 траўня была такая ж карціна. "Усе пра гэта ведалі 9 траўня, і сітуацыя паўтарылася. Гэтым разам прыходзіў начальнік штаба, камандзір батальёна, намеснік ваеннага каменданта", — распавёў Круглік. Па яго словах, кіраўніцтва бачыла, як абразалі феерверкі, якія не пасавалі да марціры па памерах. Адзін з кіраўнікоў не задаваў ніякіх пытанняў, другі пацікавіўся, што яны робяць, але ніхто не спыніў.

Мікалай Кураш, у судзе заявіў, што адразу пасля інцыдэнту прыбыў на месца здарэння, паразмаўляў з прадстаўнікамі фірмы "Піра-Рос", але тыя не змашлі патлумачыць нічога па сутнасці здарэння. На наступны дзень, 4 ліпеня, Кураш запрашаў да сябе па адным Сапронава і Дзянісава, калі іх ужо дапытвалі, але зноў яны, па яго словах, нічога ўцямнага не сказалі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі