Суд па справе "крывавага салюта" пачаўся ў Мінску
У судзе Маскоўскага раёна Мінска пачаўся судовы працэс па крымінальнай справе пра выбухі падчас салюту 3 ліпеня 2019 года.
Абвінавачанымі па справе праходзяць тры чалавекі. Двух расіян — інжынераў прадпрыемства-вытворцы феерверачных вырабаў вінавацяць у парушэнні правілаў абыходжання з піратэхнічнымі вырабамі, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека і прычыненне шкоды ў буйным памеры. Камандзіру роты Мінскай ваеннай камендатуры выстаўленае абвінавачанне ў парушэнні правілаў абыходжання з прадметамі, якія ўяўляюць павышаную небяспеку для навакольных, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека і прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры.
Па версіі следства, якую перадае БЕЛТА, закупленая ў расійскіх вытворцаў піратэхніка часткова мела брак і не адпавядала нарматыўна-тэхнічнай дакументацыі: перавышала калібр 195 мм. Прадпрыемства накіравала двух інжынераў, каб выправіць на месцы выяўленыя дэфекты і замяніць бракаваныя вырабы. Паведамлялася, што салдаты цёрлі гэтыя піратэхнічныя зарады аб асфальт і кідалі на зямлю, каб паменшыць іх калібр. Такія дзеянні не былі прадугледжаныя кіраўніцтвам па эксплутацыі ды іншай нарматыўна-тэхнічнай дакуменатцыяй.
У восем салютных установак было зараджана 480 феерверачных вырабаў калібра 195 мм. Прычым больш за 190 з гэтых зарадаў былі небяспечнымі, адзначае следства.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.