За вялікі лясны пажар пад Гроднам Следчы камітэт пачаў крымінальную справу
Упраўленне Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці пачало крымінальную справу па факце знішчэння і пашкоджання лесу, драўняна-хмызняковай расліннасці па неасцярожнасці, што пацягнула прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры. Пра гэта паведамляе прэс-служба ведамства.
Паведамляецца, што 24 красавіка каля вёскі Крынічнае Гродзенскага раёна загарэлася сухая трава, што прывяло да ляснога пажару на плошчы каля 770 гектараў. Шкода ад пажару ацэньваецца на суму больш за 12 750 рублёў (500 базавых велічыняў).
Следчыя і міліцыянты высвятляюць асобаў, з чыёй віны адбылося ўзгаранне, а таксама вызначаюць канчатковую суму шкоды.
Як распавядала Еўрарадыё, з вялізным лясным пажарам пад Гроднам змагаліся амаль 200 чалавек. Памежнікі былі вымушаныя спыніць працу прапускнога пункту "Прывалка".