Забароненыя беларускія музыкі пойдуць у народ

Моладзевае крыло Партыі БНФ у рамках кампаніі ў абарону беларускіх музыкаў кожныя два тыдні будзе ладзіць сустрэчы з вядомымі гуртамі і выканаўцамі, якія трапілі ў гэтак званы “чорны спіс” забароненых. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў адзін з арганізатараў акцыі Франак Вячорка:

“Замест таго, каб хавацца ў падполлі; замест таго, каб хавацца па прыватных кватэрах, як хоча ўлада, мы будзем выходзіць на самыя папулярныя сярод моладзі месцы ў горадзе, каб людзі маглі слухаць любімых выканаўцаў, размаўляць з імі”

Бліжэйшая сустрэча адбудзецца з лідэрам гурта Neuro Dubel Аляксандрам Кулінковічам у скверы каля рэзідэнцыі прэзідэнта. 6 верасня а 18-й гадзіне на “Панікоўцы” музыка праспявае свае песні, а таксама адкажа на пытанні і пакіне аўтографы.

Па словах Вячоркі, калі міліцыянты не дадуць правесці сустрэчу, удзельнікі імпрэзы знойдуць іншае, не менш “тусовачнае” месца.