"Замотвала галаву мокрай марляй і малявала": як у Мінску ствараецца новы мурал

Мастачка Каця Казнадзей / Раман Пратасевіч
Мастачка Каця Казнадзей / Раман Пратасевіч

Гэта гісторыя пра тое, як жыхары звычайнага двара ў цэнтры Мінска захацелі ператварыць нудную сцяну сваіх гаражоў у арт-аб'ект. Захацелі — і зрабілі: мастачка Каця Казнадзей ужо амаль тры тыдні працуе над новым мінскім графіці — гарадамі-кветкамі.

Гісторыя Каці заслугоўвае таго, каб яе расказаць. 16 гадоў дзяўчына спявала ў Вялікім тэатры оперы і балета, а потым кардынальна змяніла сваё жыццё — занялася выяўленчым мастацтвам. Журналісты Еўрарадыё, якія назіралі за працэсам з вокнаў рэдакцыі, не змаглі не пагаварыць з мастачкай.

“Заматывала голову мокрой марлей и рисовала”: как в Минске создают новый мурал

Еўрарадыё: Каця, чаму ты вырашыла пайсці з тэатра ў мастакі?

Каця Казнадзей: Мастачкай я марыла стаць з дзяцінства. Але маміна знаёмая аддала сына ў мастацкую школу, дзе яму адбілі жаданне маляваць. Мама спалохалася, што са мной будзе тое ж самае. Сказала, маўляў, ты малюй пакуль сама. Я малявала, а паралельна займалася музыкай. Пасля школы паступіла ў музвучылішча, потым у кансерваторыю... Але ў дадатак вывучала паўтара года рэжысуру музычных тэатраў у класе Маргарыты Ізворскай, жонкі мастацкага кіраўніка Вялікага Валянціна Елізар'ева. Яна дала мне магчымасць афармляць спектакль, які мы рыхтавалі на выпускны. Я займалася дэкарацыямі, прыдумляла, у якiх мы будзем касцюмах.

У 29 гадоў я зразумела, што маляванне — мая сапраўдная страсць. Было страшна, але я вырашыла змяніць прафесію. Спачатку дапамагала з афармленнем спектакляў сяброўкам — рэжысёрам з Расіі і з Францыі. Потым запісалася на курсы да мастака Сяргея Піліповіча. Мы выязджалі на пленэры, хадзілі па музеях. Ён навучыў мяне правільна глядзець на карціны, заўважаць важнае.

Еўрарадыё: Ідэя гарадоў-кветак нарадзілася на курсах?

Каця Казнадзей: Так. Неяк Сяргей даў нам заданне — напісаць невялікае апавяданне пра тое, якія пачуцці нас перапаўняюць. У тэатры тады аднавілі мой любімы спектакль "Рамэа і Джульета", які на час знік. Я напісала эсэ. Потым трэба было намаляваць горад, у якім мае пачуцці будуць выяўленыя. У мяне атрымалася паваленае апошняе на зямлі дрэва, а на ім сядзеў горад у выглядзе чалавека з розных домікаў, пераходаў, лесвічак і курыў трубу завода.

Пазней я стала маляваць пазнавальныя гарады. Малюнкі выкладвала ў Інстаграм, там жа пыталася, які горад маляваць наступным. Людзі нешта падкідвалі. Я збірала архітэктуру гарадоў у кветкі. Потым захацелася намаляваць які-небудзь такі горад-кветку ў якім-небудзь адкрытым кафэ, каб людзі сядзелі, напрыклад, пад разгалістым Парыжам. Напісала пра гэта пост, маўляў, гатовая маляваць проста за матэрыялы, але ніхто не адгукнуўся.

Еўрарадыё: А як ты выйшла на сцяну на Маркса?

Каця Казнадзей: Мой муж убачыў, што нехта ў інтэрнэце кінуў кліч: патрэбен мастак, у якога ёсць ідэі, чым можна распісаць сцяну гаражоў у двары. Як я зразумела, ініцыятыва ішла ад саміх жыхароў. Са мной сустрэўся адзін з мясцовых актывістаў Ігар Шаблоўскі. Ён паглядзеў мае работы, абмеркаваў іх з суседзямі. Ім спадабалася. Далей я падрыхтавала макет і апісанне праекта — вырашыла адлюстраваць у выглядзе кветак еўрапейскія сталіцы. Праект прымеркавалі да Еўрапейскіх гульняў. У выканкаме яго ўзгаднілі. Праўда, папрасілі, каб усё было прыстойна і без палітыкі.

“Заматывала голову мокрой марлей и рисовала”: как в Минске создают новый мурал

Еўрарадыё: Хоць бы на фарбу грошай далі?

Каця Казнадзей: Не. Праект праспансаваў мой муж. У прынцыпе, фарба абышлася дзесьці ў 250-300 рублёў. У мяне ніякіх прэтэнзій да гэтага няма. Умовы працы мы агаварылі з Ігарам на беразе. Можа, не ўсе мастакі такое ўхваляць, але для мяне гэты праект іміджавы. Магчымасць у цэнтры горада стварыць сваю работу перакрыла выдаткі. Ці буду я яшчэ раз рабіць такую ​​працу бясплатна? Дакладна не.

Еўрарадыё: Еўрапейскія гульні хутка скончацца, але да заканчэння тваёй працы яшчэ далёка...

Каця Казнадзей: Мы пачалі абмяркоўваць праект яшчэ ў сакавіку. Я меркавала, што пачну працаваць у траўні і праз месяц усё будзе гатова. Але сцяну доўга рыхтавалі. На ёй былі старыя малюнкі [знакаміты кот-кітаец і стракозы. — Еўрарадыё], якія давялося зафарбаваць. У выніку я пачала працаваць толькі 5 чэрвеня. Спяшацца на шкоду якасці не хацелася, але тут мне сказалі паспяшацца, таму што 15 чэрвеня адміністрацыя гарсавета будзе правяраць гатоўнасць цэнтра да Еўрапейскіх гульняў. На дапамогу прыйшла мастачка Ліза Дубінчына. Працавалі па 8 гадзін у суткі, размалёўвалі па пяць метраў сцяны ў дзень, па 2-3 кветкі.

“Заматывала голову мокрой марлей и рисовала”: как в Минске создают новый мурал
“Заматывала голову мокрой марлей и рисовала”: как в Минске создают новый мурал

Даўжыня ўсёй сцяны прыблізна 60 метраў разам з тарцом. Спачатку думала, што складаней за ўсё будзе маляваць і трымаць тэмп, але самым складаным аказалася раптоўная спякота. Праверка да нас не прыехала. Ігар выслаў у выканкам фотаздымкі таго, што атрымліваецца, там сказалі працягваць. Да працы падключыліся іншыя валанцёры, нам пазычылі праектар, цяпер праца ідзе хутчэй, але даводзіцца працаваць позна ўвечары, калі цёмна. Жорсткіх абмежаванняў па часе ўжо няма, але я паспрабую не зацягваць. Што датычыцца Еўрапейскіх гульняў, думаю, не абавязкова павінна ўсё бліскацець.

“Заматывала голову мокрой марлей и рисовала”: как в Минске создают новый мурал

Еўрарадыё: Што ўбачыць чалавек, які завітае ў дворык на Маркса?

Каця Казнадзей: Мая ідэя — выклікаць у чалавека радасць ад таго, што пра яго падумалі. У Нямеччыне побач з горадам Руст ёсць Europa-Park — атракцыёны ў выглядзе еўрапейскіх краін. Горы ў Швейцарыі, касмічныя караблі і шыльды на рускай мове ў Расіі, белыя домікі з сінімі дахамі ў Грэцыі... Усё гэта выклікае захапленне! Ты як быццам падарожнічаеш па розных краінах і знаёмішся, хай і павярхоўна, з іх культурай. З іншага боку — бачыш нешта сваё. Мне хацелася наблізіцца да гэтага. Зрабіць так, каб кожны госць Мінска змог зайсці ў дворык і зачапіць краем вока знаёмы сілуэт. Кожны горад мы падпісваем на мове яго краіны і на беларускай.

Усяго будзе 50 сталіц Еўропы і яшчэ Тэль-Авіў. Мы дадалі яго, каб парадаваць гаспадароў і наведвальнікаў кафэ ізраільскай кухні, якое тут адкрылася. Гарады-кветкі размешчаны па групах так, каб паказаць асаблівасці архітэктуры розных краін. Ідучы ўздоўж сцяны, чалавек як быццам бы падарожнічае па Еўропе. Можна доўга гаварыць пра кожную кветку. Мінск атрымаўся падобным на лілею, вельмі разнастайным. У ім ёсць нейкія сучасныя будынкі і старадаўнія. Усю архітэктуру ў кветку не запіхнеш, я старалася падбіраць славутасці, што ўжо даўно асацыююцца з Мінскам. У ім і Чырвоны касцёл, і вароты горада, і нават слімачок з домікам у форме Нацыянальнай бібліятэкі. У гэтым ні ў якім разе няма здзеклівага кантэксту. Калі паназіраць за слімакамі, яны зазнаюць жыццё, атрымліваюць асалоду, павольна пазнаюць свет. Паўзе сабе такі, у прыгожым доміку, як і мы ўсе, — павольна, але дакладна. Мудры і задуменны слімак...

“Заматывала голову мокрой марлей и рисовала”: как в Минске создают новый мурал
“Заматывала голову мокрой марлей и рисовала”: как в Минске создают новый мурал

Еўрарадыё: Як рэагуюць людзі на тваю працу?

Каця Казнадзей: Пару раз работнікі кафэ прыносілі ваду, рабяты з "Арт-Сядзібы" частавалі гарбатай. Падыходзілі будаўнікі, раілі пачынаць працаваць крыху раней, каб не было горача. Я замотвала галаву мокрай марляй і малявала. Калі станавілася благавата, хавалася пад брылём кафэ, малявала набегамі. Пад сцяной паркуюцца машыны, з-за гэтага не заўсёды атрымлівалася паставіць калыску. Тут нічога не зробіш. Быў мужчына, які падышоў і сказаў, што наш малюнак непатрыятычны, маўляў, "усё загранішнае". Мы прапанавалі яму схадзіць за рог і паглядзець на Мінск. Яшчэ адна жанчына наладзіла сапраўдны допыт: маўляў, а вам дазволілі тут працаваць? Але такія выпадкі адзінкавыя. Многія нас фатаграфуюць, а калі мы з Лізай абарочваемся, хаваюць тэлефоны. Гэта вельмі смешна. А яшчэ неяк раз падышла сямейная пара. Расказалі, што жывуць тут. Стаялі і любаваліся хвілін 15.

Еўрарадыё: Ці ёсць нешта, пра што табе самой хацелася б сказаць?

Каця Казнадзей: Мне яшчэ, напэўна, трэба прывыкнуць да таго, што вулічнае мастацтва не вечнае. Вось жылі на гэтай сцяне кот і стракозкі. Іх любілі, фатаграфаваліся з імі. Потым сцяну зафарбавалі. Малюючы тут, я падумала, што можна было б вярнуць гэтыя малюнкі. Было б выдатна, калі б у выканкаме дазволілі ў будучыні дамалёўваць сцяну. Час ад часу яна б абнаўлялася персанажамі, якія б "жылі" ў гэтых гарадах, напрыклад, як той жа кот. Але пакуль гэта ўсяго толькі ідэя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі