З-за дэвальвацыі расійскага рубля Беларусь згубіла 160 мільёнаў долараў
За жнівень экспарт беларускай сельскагаспрадукцыі ў Расію ў грашовым вымярэнні вырас на 107%, аднак ў пераліку на долары Беларусь страціла.
Гэта адбылося з-за падзення курсу расійскага рубля, паведаміў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанід Заяц.
Леанід Заяц: “Дзякуючы дэвальвацыі расійскага рубля мы не дабралі амаль 160 мільёнаў долараў. Аб’ёмы паставак выраслі, а ў доларавым вымярэнні мы страцілі”.
Таксама павялічыліся пастаўкі ў Расію сыроў, мясной і малочнай прадукцыі. У жніўні міністэрства сельскай гаспадаркі зафіксавала найбольшы рост паставак, дадаў міністр.
У той жа час імпарт рыбы ў Беларусь змяніўся нязначна — 101% у параўнанні з мінулым годам. Рост паставак за 9 месяцаў склаў 840 тон.