Жылыя дамы ў Каракасе беларусы пабудуюць на месцы былога сметніка
70 інжынераў з Беларусі ўжо навучыліся размаўляць па-іспанску, а іх заробак у Каракасе ў 4 разы большы, чым на радзіме.
Рашэнне наконт таго, што беларускія будаўнікі ўзвядуць у сталіцы Венесуэлы жылы мікрараён на 5 тысяч кватэр, было прынята больш як два гады таму. Права будаваць у Каракасе атрымала брэсцкая арганізацыя “Будтрэст №8”. Але толькі нядаўна падрыхтоўчыя працы былі скончаныя і пачалася рэальная будоўля. Бо каб расчысціць выдзеленую пляцоўку, давялося вывезці тысячы тон смецця.
Пра гэта Еўрарадыё распавёў дырэктар Будтрэста Ігар Сільчанка.
Ігар Сільчанка: “Нарэшце пачалося сапраўднае будаўніцтва. Бо да гэтага быў, практычна, падрыхтоўчы перыяд: праектаванне, падрыхтоўка будаўнічай пляцоўкі, падрыхтоўка бытавога гарадка. Вываз тысяч тон смецця з пляцоўкі, якая нам была выдзелена”.
У тым, што ўзводзіць дамы давядзецца на месцы былога сметніка, Ігар Сільчанка не бачыць нічога страшнага. Кажа, не бывае ідэальных будаўнічых пляцовак.
Ігар Сільчанка: “Не чакаў нас участак. Ды і не бывае ідэальных будаўнічых пляцовак. Калісьці, калі не думалі, што там будаваць будуць, вазілі туды можа будаўнічае смецце, можа бытавое”.
Сёння на будоўлі ў Венесуэле працуе каля 70 беларусаў. Усе яны — высокакваліфікаваныя інжынерна-тэхнічныя работнікі. Перад ад’ездам у Каракас яны тры месяцы вучылі іспанскую мову на спецыяльных курсах.
Ігар Сільчанка: “Усіх навучылі і ўсе паехалі з веданнем іспанскай мовы. Навучалі цягам трох месяцаў. Але мы бралі людзей, якія мелі нейкія азы і мелі вялікае жаданне вучыцца”.
У сувязі з пачаткам “сапраўднага” будаўніцтва, на працу ў Каракасе будуць набіраць дадатковых людзей. Але ў першую чаргу — венесуэльцаў.
Ігар Сільчанка: “Зараз, у адпаведнасці з кантрактам, будзе больш набірацца людзей з Венесуэлы. Маецца на ўвазе працоўных кадраў. Бо там працоўных кадраў дастаткова. Можа быць, кваліфікацыя не заўсёды адпавядае, але працоўных кадраў дастаткова — там беспрацоўе нашмат большае, чым у нас”.
Зарабляюць беларусы ў Венесуэле па 1,5 тысячы долараў у месяц. Але гэта толькі падчас падрыхтоўчых прац. Калі пачнецца “жывая” будоўля, заробак абяцаюць павялічыць. Да прыкладу, у мінскай фірме МАПІД Еўрарадыё распавялі, што ў іх інжынеры ў сярэднім атрымліваюць крыху больш за 1 мільён рублёў.
Шанец паехаць у Каракас за большымі грашыма ў мінскіх будаўнікоў яшчэ ёсць. Паводле словаў Сільчанкі, колькасць беларускіх спецыялістаў у Венесуэле будзе павялічвацца. Асабліва з улікам таго, што, верагодна, будаваць нашыя ў Каракасе будуць не 5, а 10 тысяч кватэр. Але колькі дакладна — Ігар Сільчанка не ведае. Наборам займаецца арганізацыя “Белзамежбуд”. Вось толькі атрымаць хоць нейкую інфармацыю на гэты конт ад супрацоўнікаў гэтай фірмы не атрымалася. Цягам цэлага дня сакратарка адказвала, што ўсё кіраўніцтва “дзесьці раз’ехалася па справах”. Сама ж яна неабходнымі звесткамі не валодае.
За два гады працы ў Венесуэле, кажа Ігар Сільчанка, беларусы, якія працуюць за акіянам, двойчы прыязджалі на радзіму на адпачынак. Пералёт, згодна са словамі дырэктара Будтрэста, ім аплачвае фірма. І, кажа, ніхто асабліва не скардзіцца на крымінальную сітуацыю ў Каракасе.
Ігар Сільчанка: “Нашыя людзі дзеляцца вопытам: што людзі ходзяць свабодна па Каракасе, ніхто іх з паліцыяй не ахоўвае. Злачыннасці хапае, але надзвычайнасці ніякай няма”.
І выказаў спадзяванне, што і яму ўдасца вырвацца ў Венесуэлу па працы. Бо да гэтага часу, прызнаецца Ігар Сільчанка, ніводнага разу яму там пабываць не пашчасціла.
Глядзі таксама:
Брэсцкія будаўнікі вучаць іспанскую мову і едуць у Венесуэлу