Зміцер Дашкевіч: Надышоў час неадэкватам адваліць з палітыкі
У той час, калі адны рыхтуюць святкаванне Дня Волі на пляцоўцы ля Опернага тэатра, іншыя настойваюць на тым, што “павінна быць годнае шэсце па вуліцах сталіцы”. І сцвярджаюць: тыя, хто пагадзіўся на прапанаваны ўладамі фармат святкавання стагоддзя Беларускай Народнай Рэспублікі мітынгам і канцэртам, страцілі мужнасць і годнасць. Чаму гэта не так і чаму пазіцыя прыхільнікаў недазволенага шэсця на Дзень Волі неадэкватная, тлумачыць у размове з Еўрарадыё Зміцер Дашкевіч.
Еўрарадыё: Тое, што апазіцыя пагадзілася на прапанаваны ўладай фармат святкавання Дня Волі ― здрада ці перамога?
Зміцер Дашкевіч: Людзі, якія кажуць, што гэта пагадненне з рэжымам ― гэта хлусы, якія ўсё пераварочваюць з галавы на ногі. Асабіста я ўжо даўно нікуды не падаю ніякіх заявак на правядзенне сваіх акцый. Так было і калі мы праводзілі акцыю “Ноч расстраляных паэтаў”, і калі была абарона Курапатаў. Статкевіч жа, калі ўжо разбірацца па паняццях сапраўдных змагароў, як сябра аргкамітэта па святкаванні стагоддзя БНР, сам падаў заяўку у Мінгарвыканкам. Ці гэта ўжо не здрада, калі ты пайшоў нечага прасіць у рэжыму? А што было б, калі дазволілі тое шэсце па ходніках, якое замовіў Статкевіч у першай заяўцы ― ён бы пайшоў, і такім чынам прадаўся б рэжыму аўтаматычна? Таму ў іх заявах хлусня ад пачатку.
Дэмакратычныя сілы 25 гадоў даказвалі, што мова ― гэта важна, што мы нашчадкі Вялікага Княства Літоўскага, Скарыны, БНР. Усё гэта аспрэчвалася і гісторыя незалежнай Беларусі выводзілася з сярэдзіны 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Цяпер рэжым дэ-факта прызнае нашу правату. Паказальная гісторыя з шыльдай да стагоддзя БНР, якаю гэтыя сапраўдныя змагары 25 гадоў не маглі павесіць на будынак, дзе была абвешчаная незалежнасць, і цяпер яе дазволілі ўмацаваць. Ці гэта не перамога нашай ідэі? Таму я не бачу ніякіх праблем у тым, каб адзначыць Дзень Волі там, дзе ўлады прапанавалі гэта зрабіць.
Хто ведае: можа, праз пэўны час пачнуцца нейкія сацыяльныя пратэсты “маршрутчыкаў” ці яшчэ каго, і зноў нас будуць “зачышчаць”, зноў будуць разборкі. Але стагоддзе БНР ― гэта свята, і хочацца святочна адзначыць гэтую дату.
Еўрарадыё: Адначасова з заяўкай на мітынг і канцэрт ля Опернага тэатра ў Мінгавыканкам быў пададзены зварот з просьбай дазволіць і невялікае шэсце. На гэты зварот адказу пакуль няма. Калі ўлады такое шэсце дазволяць, гэта нешта зменіць у пазіцыі прыхільнікаў такога фармату святкавання?
Зміцер Дашкевіч: Не. Бо Статкевічу неабходна застацца ў топе апазіцыйных рухаў, згадак у СМІ. Застацца ў топе можна толькі радыкалізаваўшы гэтае шэсце. І дазвол на шэсце ад сквера Купалы да Опернага не задаволіць людзей, якія плануюць збірацца на Якуба Коласа. На тое мерапрыемства заяўку ніхто не падаваў і выглядае, што там збяруцца людзі, зацікаўленыя ў разгоне.
Еўрарадыё: Уладзімір Някляеў у эфіры Еўрарадыё казаў, што немагчыма адсвяткаваць Дзень Волі без палітычнага складніка…
Зміцер Дашкевіч: Натуральна, немагчыма ― а хто з гэтым спрачаецца?!
Еўрарадыё: Толькі ён, як і Статкевіч з іншымі, бачаць такі палітычны складнік выключна ў шэсці.
Зміцер Дашкевіч: Няўжо мала прычын для вулічных шэсцяў? Тысячы людзей падпісваюць петыцыі ў абарону маршрутак ― хадзіце, прымяняйце палітычны складнік! Няўжо тое, што мерапрыемства ля Опернага пройдзе пад бел-чырвона-белымі сцягамі — гэта не “палітычны складнік”? Сёння ўсе, і Статкевіч у тым ліку, кажуць пра тое, што незалежнасць пад пагрозай. І што сёння больш важна: правесці несанкцыянаванае мерапрыемства з разгонам ці без яго ў тысячу ці дзве тысячы чалавек ці пастарацца сабраць некалькі дзясяткаў тысяч на санкцыянаванае мерапрыемства? Для таго, каб у свядомасці грамадства замацавацца, каб усім чарнасоценцам прадэманстраваць, што ёсць альтэрнатыва. Некаторыя людзі лічаць, што яны больш умацуюць незалежнасць, калі збяруць 300 чалавек і пройдуць несанкцыянаваным шэсцем. Як па мне, то гэта бздура ― дзясяткі гадоў хадзілі несанкцыянаванымі шэсцямі. А каб сабрацца ў цэнтры горада на санкцыянаванае мерапрыемства ― такога на маёй памяці не было. Была логіка выходзіць без дазволу, калі ўсё забаранялі ― іншага варыянту не было. Цяпер такі варыянт ёсць. Да ўсяго, я не магу сабе дазволіць, і такіх людзей вельмі шмат, з дзвюма малымі дзецьмі на руках хадзіць так, як сабе можа дазволіць хадзіць Статкевіч. І ён лічыць, што ўсе, хто не можа цярер пайсці і “загрузіцца” на пару гадоў ― здраднікі. Я, калі вырашу “загрузіцца”, то буду разумець, дзеля чаго гэта раблю. А не ў шэсці людзей, якія, я перакананы, ужо самі не разумеюць, для чаго і куды ходзяць.
Еўрарадыё: Вы кажаце: “Застацца ў топе можна толькі радыкалізаваўшы гэта шэсце”. Але што гэта за топ, калі мерапрыемства збірае некалькі соцень чалавек?
Зміцер Дашкевіч: Прыгадаем апошнія акцыі, якія збіраў Статкевіч летась ля Ратушы ― такія мерапрыемствы дыскрэдытуюць апазіцыю ў вачах яе прыхільнікаў. Людзям кажуць, што будзе “пераломны дзень”, яны ўсё кідаюць, прыходзяць і бачаць людзей, часам неадэкватных, якія па паўгадзіны гавораць у мегафон. І ўсе задаюцца пытаннем: “Што гэта, куды мы прыйшлі?” Палітыкам, якія прэтэндуюць на альтэрнатыву, неабходна думаць пра сваіх прыхільнікаў, пра тое, што яны будуць рабіць далей і з якім настроем. Бо перамены ў Беларусь некалі прыйдуць, і тут пытанне: ці гатовыя мы да іх? Сітуацыя паказвае, што большасць палітыкаў, асабліва сярод тых, хто прэтэндуе на нацыянальных лідараў, турбуюцца толькі пра сябе і не думаюць пра тое, што будзе заўтра, калі прыйдуць перамены. Як раскідвалі 25 гадоў камяні, так і працягваюць гэта рабіць сёння замест таго, каб аб’яднаць патрыётаў на дазволеным мерапрыемстве, яны зноў цягнуць іх на забароненае. Хаця тэм, для таго, каб хоць штодня праводзіць забароненае шэсце, у нас хапае.
Еўрарадыё: Выглядае на тое, што вы заклікаеце дыназаўраў апазіцыі саступіць месца маладым ваўкам?
Зміцер Дашкевіч: Скажам так: як мінімум, надышоў час неадэкватам адваліць. Людзям, якія, маё такое адчуванне, ужо самі не разумеюць, што робяць і гавораць.
Еўрарадыё: Вы лічыце, што ў сітуацыі з сёлетнім святкаваннем Дня Волі Статкевіч і яго паплечнікі паводзяць сябе неадэкватна?
Зміцер Дашкевіч: Я лічу, што гэтыя людзі паводзяць сябе звышнеадэкватна. І заклікаю ўсіх патрыётаў, людзей, якія хочуць адзначыць стагоддзе БНР, прыходзіць да Опернага, не ўдзельнічаць ў несанкцыянаваным шэсці. І нават бы журналістаў заклікаў не надаваць увагі гэтаму недазволенаму шэсцю, за якое людзей будуць штрафаваць, а магчыма, і біць. Можа, гэта нават стане падставай для таго, каб разагнаць тых, хто сабраўся на дазволенае святкаванне.
Еўрарадыё: Улады ўжо перахапілі ідэю “Дня вышыванкі” ― не баішся, што перахопяць ідэю святкавання Дня Волі?
Зміцер Дашкевіч: Хай перахопліваюць. За ідэяй БНР непазбежна цягнецца “Пагоня”, бел-чырвона-белы сцяг, беларуская мова. Трэба адэкватна ацэньваць сітуацыю: на сёння нацыянальныя інтарэсы Беларусі супалі з прыватнымі інтарэсамі Лукашэнкі, з інтарэсамі рэжыму. Ці прычына гэта для нас, каб адмовіцца ад нацыянальных інтарэсаў Беларусі? У краіне дзясяткі тысяч прыхільнікаў бел-чырвона-белага сцяга, беларускай мовы і гэтак далей. І калі рэжыму выгадна, то ён улічвае голас гэтых людзей. І сёння такая акалічнасць. Якой яна будзе заўтра ― мы не ведаем. Але мы адштурхоўваемся ад дня сённяшняга: святочна-палітычная акцыя ў цэнтры горада пашырае нашы магчымасці, і гэтым трэба скарыстацца. І калі рэжым захоча гэта выкарыстаць у інтарэсах Беларусі ― калі ласка. Вось я ― выкарыстайце мяне ў інтарэсах незалежнасці Беларусі!