Зніжэння дзярждоўгу не прадбачыцца: эксперты пра планы Мінфіна

З пачатку года дзярждоўг павялічыўся на 29,1% / Еўрарадыё​
З пачатку года дзярждоўг павялічыўся на 29,1% / Еўрарадыё​

Міністр фінансаў Юрый Селіверстаў расказаў у інтэрв'ю праграме "Галоўны эфір" на "Беларусь 1", што дзярждоўг плануецца скараціць да 2025 года. У валюце ён не перавышае 40% ВУП, а рэфінансаваць частку дзярждоўгу Беларусь імкнецца за кошт не даўгавых крыніц, а валютных даходаў, вяртанняў пазык, выплаты адсоткаў.

Мы даведаліся, наколькі рэалістычныя планы Мінфіна, ці важныя адносіны дзярждоўгу да ВУП і за кошт чаго Беларусь зможа разлічвацца па даўгах.

Паводле звестак Мінфіна, дзяржаўны доўг Беларусі на 1 верасня склаў 57,8 млрд рублёў і павялічыўся ў параўнанні з пачаткам года на 13 млрд рублёў, або на 29,1%. З іх знешні дзяржаўны доўг склаў 17,7 млрд долараў ЗША, павялічыўшыся з пачатку года на 0,6 млрд долараў ЗША. Унутраны дзярждоўг дасягнуў 10,6 млрд рублёў, павялічыўшыся са студзеня на 1,8 млрд рублёў.

57,8 млрд рублёў — гэта шмат?

Снижения госдолга не предвидится: эксперты о планах Минфина
Дзярждоўг вышэй за 100% да ВУП можа быць некрытычным

Як тлумачаць эксперты, глядзець на дзярждоўг у абсалютнай велічыні або параўноўваць яго з дзярждоўгам іншых краін няма сэнсу. Тут важная здольнасць яго абслугоўваць і якасць доўгу.

— Ёсць краіны, у якіх дзярждоўг падбіраецца да 200% ВУП. Напрыклад, Японія, але пра крызіс доўгу там не гавораць. У ЗША і Вялікабрытаніі дзярждоўг вышэй за 100% ад ВУП, — кажа старшы аналітык "Альпары Еўразія" Вадзім Іосуб.

Пад якасцю доўгу разумеецца, у якой валюце ўзяты доўг, на які тэрмін і па якой стаўцы.

— Праблема беларускага дзяржаўнага доўгу заключаецца ў тым, што знешні дзярждоўг больш чым на 97% намінаваны ў замежнай валюце. Значыць, каб яго вярнуць, мы павінны дзесьці знайсці валюту, — адзначае кіраўнік праекта "Кошт урада" Уладзімір Кавалкін.

Каб вярнуць даўгі ў замежнай валюце, трэба альбо браць новыя валютныя запазычанні, альбо павялічваць экспарт для таго, каб зарабіць валюту.

Снижения госдолга не предвидится: эксперты о планах Минфина
/ Reuters​

— Яшчэ адзін важны момант — стаўка. У чэрвені Беларусь брала грошы па стаўцы вышэй за 6% — гэта вельмі дорага. Нармальная стаўка для дзярждоўгу, калі краіна не знаходзіцца ў крызісе і ў яе добры крэдытны рэйтынг, не вышэй за 1%, — кажа Уладзімір Кавалкін.

Некаторыя краіны, напрыклад Германія, маюць магчымасць пазычаць сродкі па адмоўнай стаўцы, гэта значыць вяртаюць менш, чым пазычылі.

Не зарабляем, колькі пазычаем

— Калі доўг вельмі танны, яго можна бязбольна для эканомікі нарошчваць. Можна прывесці крыху грубае параўнанне адсоткавай стаўкі, па якой краіна пазычае, з ростам яе ВУП. Зразумела, што цяпер крызісны год, але, калі лічыць, што крызіс і каранавірус раптам скончацца, ні ў адных самых смелых планах не відаць росту беларускай эканомікі вышэй за 6%, — расказвае Вадзім Іосуб.

Снижения госдолга не предвидится: эксперты о планах Минфина
/ pixabay.com

Выходзіць, што Беларусь пазычае сродкі вельмі дорага, не генеруючы дастаткова даходаў, каб абслужыць даўгі без пастаяннай знешняй дапамогі.

Валютныя даходы растаюць

Асноўная крыніца недаўгавога пагашэння доўгу — валютныя даходы бюджэту, тлумачыць Вадзім Іосуб. Для Беларусі гэта па большай частцы экспартныя пошліны на нафту і нафтапрадукты.

— Менш прыносяць пошліны на экспарт калійных угнаенняў. У сувязі з падатковым манеўрам Расіі ў любым выпадку пошліны на экспарт нафты і нафтапрадуктаў будуць зніжацца. Гэтая крыніца, калі не абнуліцца, то значна скароціцца.

— Валютных паступленняў усё менш на фоне бягучай сацыяльна-эканамічнай сітуацыі, калі сілавікі грамяць бізнес, у тым ліку IT-бізнес, які прыносіць шмат валюты ў краіну, — кажа Уладзімір Кавалкін.

Снижения госдолга не предвидится: эксперты о планах Минфина
/ Reuters

Да рэалізацыі падатковага манеўру і калі цэны на нафту былі досыць высокія, Мінфін меркаваў, што 25% доўгу Беларусь будзе пагашаць самастойна за кошт недаўгавых крыніц, а 75% — рэфінансаваць. Цяпер рэфінансаваць давядзецца яшчэ больш, значыць, браць больш новых даўгоў.

Знайсці сродкі пад больш нізкі адсотак на сусветным рынку наўрад ці атрымаецца. Паводле ацэнкі Уладзіміра Кавалкіна, новыя запазычанні ў валюце для Беларусі на рынкавых умовах можна атрымаць толькі вышэй за 10% гадавых. Такая стаўка, па сутнасці, з'яўляецца забароннай. Вадзім Іосуб гаворыць пра стаўку вышэй за 9%.

Ці зможа Расія задаволіць запатрабаванні Беларусі?

Па словах Уладзіміра Кавалкіна, магчымасці рэфінансаваць дзярждоўг адсутнічаюць цалкам, калі не лічыць дапамогу Расіі. Наўрад ці нам нехта яшчэ дасць грошай па палітычных прычынах. Пры гэтым экспарт не будзе расці, паколькі ўвесь свет трапляе ў рэцэсію, звязаную з COVID-19.

— Мы, безумоўна, не ведаем, якія будуць стаўкі па расійскіх крэдытах. Тэарэтычна стаўка можа быць хоць нулявая, у залежнасці ад таго, пра што дамовяцца кіраўнікі дзяржаў і што адзін аднаму паабяцае, — кажа Вадзім Іосуб.

Снижения госдолга не предвидится: эксперты о планах Минфина
/ Reuters

Пакуль ідуць абмеркаванні з Расіяй аб выдачы $1,5 млрд. З іх $500 млн у выглядзе крэдыту Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця. Гэтая сума можа паступіць да канца кастрычніка.

— Папраўдзе гэта нікуды не прыйдзе, а пойдзе на рахункі "Газпрама" ў пагашэнне доўгу. На канец лета ён быў 330 мільёнаў долараў. За верасень — кастрычнік ён напэўна павялічыўся, — падкрэслівае Вадзім Іосуб.

Таксама з Расіяй вядуцца абмеркаванні аб выдачы да канца года $500 млн у выглядзе міждзяржаўнага крэдыту, яшчэ столькі ж мяркуецца атрымаць налета.

— У бягучай палітычнай сітуацыі без дыялогу пра іншыя крыніцы можна забыцца. Кітай у канцы мінулага года пазычыў нам 500 мільёнаў долараў. Гэта быў першы нязвязаны крэдыт, але з тых часоў ніякія новыя крэдыты, наколькі вядома, не абмяркоўваліся. Нягледзячы на ўсю падтрымлівальную рыторыку, Кітай не гарыць жаданнем пазычаць новых грошай, — кажа Вадзім Іосуб.

Гэтых сродкаў недастаткова, адзначае эканаміст. Для разліку па даўгах, пры ўмове, што на чвэрць у Беларусі знойдуцца свае сродкі, трэба $3 млрд штогод.

— Моцна сумняваюся, што Расія сама-адна будзе задавальняць такі попыт Беларусі на грошы. Як будзе выкручвацца ўрад з гэтай сітуацыі — незразумела.

Рублёвыя абавязацельствы як падстрахоўка ад дэфолту

Снижения госдолга не предвидится: эксперты о планах Минфина
/ belarus.by

У інтэрв'ю "Беларусь 1" міністр фінансаў адзначыў, што "рост агульнага аб'ёму дзярждоўгу Беларусі прысутнічае, але трэба сказаць, што гэта рост доўгу ў беларускіх рублях". Пры гэтым доўг пераацэньваецца па курсе.

— Розніца тут тэарэтычная. Яна прыкметная ў самай крайняй сітуацыі. Калі ў нас доўг у нацыянальнай валюце, то можна надрукаваць грошай, каб пазбегнуць дэфолту. Гэта дрэнна для інфляцыі, курса і эканомікі ў цэлым. Калі мы вінныя ў замежнай валюце, а ў нас яе няма і ўзяць няма адкуль, то гэта ўжо значна больш рэалістычная рызыка дэфолту, — кажа Вадзім Іосуб.

— Наш знешні доўг, намінаваны ў рублях, складае менш за 3%. Ніякай пагоды гэта не робіць, — заявіў Уладзімір Кавалкін.

Як адзначае эксперт, сітуацыя з фінансамі Беларусі стане больш зразумелая, калі бізнес заплаціць падаткі ў кастрычніку. У выпадку, калі бізнес будзе закрывацца, скарачаць персанал і адлічэнні ў бюджэт, краіну можа чакаць дэфолт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі