Працягваецца суд над праваабаронцам Андрэем Бандарэнкам

Працэс праходзіць у Кастрычніцкім судзе Мінска. Бандарэнку пагражае 10 гадоў зняволення за злоснае хуліганства.

На паседжанні 29 ліпеня слухалі эпізод з удзелам маці і дачкі Таццяны Радыён і Наталлі Травулька. Бандарэнка прызнаў, што нанёс удары абедзвюм, і публічна папрасіў у іх прабачэння. Жанчыны прабачэнні прынялі.

31 ліпеня адвакат Бандарэнкі хадайнічаў, каб суд запатрабаваў інфармацыю, якая дапаможа правесці экспертызу пашкоджанняў, атрыманых праваабаронцам падчас канфлікту з пацярпелай Радыён. Сама пацярпелая была не супраць гэтага хадайніцтва, але суддзя Ала Абакунчык яго адхіліла, як і іншыя просьбы, перадае Радыё Свабода.

Таксама суд заслухаў звесткі пра падзеі, якія адбыліся ў лютым каля кавярні "Сівая легенда". Як паведаміла сведка Алена Красоўская-Каспяровіч, побач з кавярняй у Бандарэнкі выйшаў канфлікт з пацярпелым Яворскім. Калі Бандарэнка хацеў адысці, малады чалавек яго затрымаў рукамі. Па словах сведкі, тады Бандарэнка ўдарыў яго ў сківіцу рукой, але не моцна, хутчэй адмахнуўся. Дарэчы, у суд пацярпелы Яворскі другі дзень не з'яўляецца.

Міліцыянты, якія пасля гэтага інцыдэнту прыехалі да Бандарэнкі, кажуць, што атрымалі звесткі з вышуку.

Фота — svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі