Пуцін пераконвае, што Расія не збіраецца ваяваць з NATO

Уладзімір Пуцін

Уладзімір Пуцін / Reuters

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін назваў "трызненнем" і "лухтой" размовы пра тое, што Расія збіраецца ваяваць з NATO. Свой пункт гледжання ён аргументаваў розніцай у выдатках на абарону. Са слоў Пуціна, вайсковыя выдаткі ЗША ў 2022 годзе склалі 811 млрд долараў, а Расіі — 72 млрд. "І мы што, маючы на ўвазе вось гэтыя суадносіны, збіраемся ваяваць з NATO, ці што? Ну гэта проста трызненне", — сказаў Пуцін.

Расійскі прэзідэнт таксама заявіў, што ў Расіі няма ніякіх агрэсіўных планаў у дачыненні да еўрапейскіх краін. "Тое, што кажуць з нагоды таго, што мы збіраемся пасля Украіны нападаць на Еўропу — гэта поўная лухта, запалохванне свайго насельніцтва выключна для таго, каб выбіваць з іх грошы", — заявіў ён.  

І сам Пуцін, і яго чыноўнікі раней таксама ўпэўнена казалі пра адсутнасць планаў нападу на Украіну. У прыватнасці, у студзені 2022 года, за месяц да пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, намеснік кіраўніка расійскага МЗС Сяргей Рабкоў казаў, што вайны не будзе, "мы не маем намеру атакаваць, нападаць або ўрывацца на Украіну".

Між тым надоечы прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета (АПК) па абароне і нацыянальнай бяспецы Валерый Сахашчык заявіў, што, паводле яго звестак, Расія і Беларусь рыхтуюць планы па ўварванні ў Літву. "Беларускія генералы са сваімі калегамі з Масквы малююць стрэлкі на картах у бок Вільні", — заявіў ён. Пазней у эфіры "Еўрарадыё" Сахашчык расказаў, што замежныя дыпламаты ў Літве пачалі рыхтаваць свае сем'і да эвакуацыі. На пытанне, калі можа здарыцца напад, прадстаўнік АПК сказаў, што гаворка не ідзе пра найбліжэйшыя тыдні. Паводле яго прагнозу, "гэта не адбудзецца раней за ліпень".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі