1 млн падключэнняў у нядзелю: як беларусы выкарыстоўваюць Psiphon

Сёння можна абысці практычна любыя абмежаванні ў інтэрнэце / Yevgeny Tonkonogy
Сёння можна абысці практычна любыя абмежаванні ў інтэрнэце / Yevgeny Tonkonogy

З сярэдзіны жніўня, калі ў Беларусі ўпершыню заблакавалі інтэрнэт, беларускія карыстальнікі прапусцілі 4,81 петабайта (!) трафіку праз праграму Psiphon. Пра гэта Еўрарадыё расказаў прэзідэнт і сузаснавальнік Psiphon Майкл Хол

4,81 петабайта, або 4810 тэрабайт — велізарны аб'ём інфармацыі. Такім можна цалкам забіць 17,5 тысячы iPhone з 256 гігабайтамі памяці.

Psiphon стаў шырока вядомы беларусам у жніўні 2020 года. Дзякуючы гэтай праграме можна абыйсці блакаванне інтэрнэту. Папулярны ён у краіне і сёння, але цяпер пікі выкарыстання прыпадаюць на нядзелі. Напрыклад, толькі 6 снежня, калі прайшоў апошні на гэты момант пратэсны марш, беларускія карыстальнікі падключаліся да Psiphon 1,234 млн разоў.

Майкл Хол расказаў Еўрарадыё і пра колькасць беларускіх карыстальнікаў праграмы. У жніўні 2020 года іх было амаль 2,5 млн — гэта амаль палова ўсяго дарослага насельніцтва Беларусі. Затым, калі інтэрнэт сталі адключаць толькі ў нядзелі, актыўных карыстальнікаў стала менш, але лічбы ўсё роўна ўражваюць. У лістападзе, да прыкладу, Psiphon выкарыстоўвалі больш за 312 тысяч беларусаў.

1 млн подключений в воскресенье: как белорусы используют Psiphon
У "мірныя дні" колькасць падключэнняў у Беларусі вагаецца ў раёне 100-300 тысяч, а пікі прыпадаюць на нядзелі / Еўрарадыё / Psiphon

Хол адказаў нам і на пытанне пра то, як Psiphon, створанаму спецыяльна для барацьбы з інтэрнэт-цэнзурай у аўтарытарных і таталітарных дзяржавах, удаецца абыходзіць абмежаванні, якія ўлады ўсталёўваюць пры дапамозе сучасных тэхналогій DPI, што займаюцца фільтраваннем і аналізам сеткавых пакетаў.

— У цяперашні час Psiphon мае дзевяць наладжвальных пратаколаў, прызначаных для абыходу ўсіх відаў блакавання, — кажа Хол. — Несумненна, DPI — гэта новае пакаленне фільтрацыі, якое з'яўляецца найбольш складаным на сённяшні дзень, бо яна [фільтрацыя] выконваецца ў рэжыме рэальнага часу. Тым не менш Psiphon змог "заблытаць" і абысці сістэму фільтрацыі DPI, якая была ўкарэненая ў Беларусі і з'яўляецца асноўнай прычынай таго, чаму Psiphon так шырока выкарыстоўваецца. Іншыя VPN-сэрвісы проста не гатовыя для барацьбы з такімі складанымі выклікамі.

Пры гэтым, адзначае Хол, улады Беларусі вельмі сур'ёзна падышлі да пытання блакавання інтэрнэту.

— Беларусь выкарыстоўвае практычна ўсе наяўныя ў распараджэнні методыкі. Пералічваць іх не мае сэнсу, бо ўсе яны ўзаемазвязаныя, — кажа ён.

Аднак пакуль усё, што выкарыстоўваецца для інтэрнэт-цэнзуры ў Беларусі, можна абыходзіць.

Як блакуюць інтэрнэт у Беларусі

Дакладна вядома як мінімум пра адну кампанію, якая прадала беларускім уладам тэхналогіі для блакавання, гаворка ідзе менавіта пра DPI. Гэта амерыканская Sandvine, якую афіцыйна краіне прадала расійская "Інфасістэмы Джэт".

Пасля скандалу Sandvine, які пачаўся з прычыны з'яўлення гэтай інфармацыі, назвала ўгоду з Беларуссю неэтычнай. Аднак тэхнічныя рашэнні ўлады па-ранейшаму могуць выкарыстоўваць, пры гэтым яны не будуць атрымліваць тэхнічную падтрымку і абнаўленні.

Абсталяванне для DPI беларускія ўлады спрабавалі закупіць яшчэ ў канцы 2018 года, меркаваліся выдаткі ў памеры 2,5 мільёнаў долараў. Аднак у выніку закупілі абсталяванне без усялякіх тэндараў. Колькі выдаткавалі, невядома.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі