33 мільярды прыбытку і дапамога КДБістаў: у Мінску судзяць 17 наркагандляроў
У Мінску працягваецца суд па адной з самых буйных наркагруповак у гісторыі сучаснай Беларусі. Гадамі яны рэкламаваліся ў інтэрнэце пад брэндам LegalMinsk і пры дапамозе “даху” ў праваахоўных органах разбіраліся з канкурэнтамі.
Абвінавачаных на дадзены момант аж 17 чалавек. Цалкам сваю віну прызналі толькі двое. Хоць вінаватасць людзей яшчэ не даказаная, іх прозвішчы шырока разышліся ў СМІ.
Лідарам групоўкі называюць выпускніка журфака БДУ Канстанціна Вілюгу (мянушка “Кот”). Паведамляецца, што гэта хлопец з забяспечанай сям’і, які меў добрыя сувязі ў праваахоўных органах і ўплывовых сваякоў. З канца 2000-х ён знаходзіўся пад прыцэлам у наркакантролю, але пазбягаў адказнасці, у тым ліку дзякуючы таму, што “здаваў” міліцыі сваіх канкурэнтаў. “Кот”, па версіі следства, штодзень зарабляў па 7 тысяч долараў, набыў у Мінску кватэру і будаваў фешэнебельны катэдж. Ён, як паведамляецца, сам прызначаў кошты на псіхатропы і размяркоўваў заробкі іншым членам групоўкі. Вілюга любіў дарагія аўто і хваліўся, што яго “Мерседэсу” ў Мінску салютуюць інспектары ДАІ, нібыта буйному чыноўніку. Па інфармацыі следчых, для прыкрыцця “Кот” арганізаваў прыватную кампанію, якую ўзначаліў, паведамляе “Звязда”.
Адзначым, што групоўка беспакарана рэалізоўвала спайсы ў час, калі многія з рэчываў не былі ўнесеныя ў рэспубліканскі наркапералік. У пачатку 2014 года пералік папоўніўся дзясяткамі новых спайсаў. Групоўка LegalMinsk не разлічыла сілы і паставіла ў Беларусь ужо забароненыя рэчывы. З імі у чэрвені 2014 года праваахоўнікі затрымалі 23-гадовую ўдзельніцу групоўкі Аліну Церагеру — адну з арганізатараў злачыннага бізнэсу. Ёй следства адводзіць ролю дырэктара. Дзяўчына праводзіла інструктаж так званых “мінёраў” наконт бяспекі і вучыла іншым аспектам працы.
Паведамлялася, што групоўка атрымала чысты даход у памеры 33 мільярдаў рублёў. У колішнія часы гэта былі мільёны долараў. Нават падчас суда абвінавачаныя паводзяць сябе даволі самаўпэўнена і ўсмешліва. Амаль ніхто цалкам не прызнае віну.
Наркагрупоўка і КДБ
LegalMinsk прыкрывалі і нячыстыя на руку праваахоўнікі. На лаве абвінавачаных аказаліся былы міліцыянер і два ўжо экс-супрацоўнікі КДБ.
Гутарка, напрыклад, пра старшага оперупаўнаважанага па асабліва важных справах цэнтральнага апарата КДБ Дзмітрыя Вераценскага і оперупаўнаважанага КДБ з упраўлення па Брэсцкай вобласці Ігара Карыцкага.
Апошні, як перадае kp.by, у пачатку судовага працэсу паспрабаваў запэўніць суддзю ў тым, што зможа даказаць сваю невінаватасць. Ён жа прасіў зрабіць працэс закрытым, бо падчас суда могуць быць закранутыя пытанні, звязаныя з дзяржтаямніцай.
Абодвух чэкістаў абвінавачваюць у “Стварэнні злачыннай арганізацыі альбо ўдзеле ў ёй”, у “Прыгатаванні і распаўсюджванні наркотыкаў групай асоб”, у “Незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці групай асоб” і ў “Злоўжыванні ўладай альбо службовым становішчам”. Вілюга абвінавачваецца па тых жа артыкулах і яшчэ ў “Махлярстве”.
На судзе пануе такая атмасфера, нібыта абвінавачаныя спадзяюцца на апраўдальныя ці мяккія прысуды. Хоць кожны з вярхушкі наркагрупоўкі можа атрымаць па 15 год пазбаўлення волі.
Было відавочна, што LegalMinsk не маглі гадамі так нахабна функцыянаваць без прыкрыцця зверху. Яшчэ напрыканцы 2013 года Еўрарадыё накіравала ў КДБ афіцыйны запыт з пытаннем, чаму не прымаюцца меры, каб закрыць сайт legalminsk.net, які мазоліў вочы на той момант ужо каля 4 гадоў. Тады Вераценскі і Карыцкі яшчэ былі на волі і неслі службу. А з КДБ на запыт так і не адказалі.
Як затрымалі оперупаўнаважаных
Зразумела, што такі грандыёзны скандал чэкістам не быў патрэбны. Нават у тым выпадку, калі б КДБ само вылічыла пярэваратняў, наўрад ці пра гэта даведалася б уся краіна.
Магчыма, розгалас з затрыманнем спецслужбоўцаў і іншых удзельнікаў LegalMinsk здарыўся дзякуючы тагачаснаму кіраўніку Упраўлення па наркакантролі МУС Мікалаю Карпянкову. У 2013 годзе ён змог арганізаваць кампанію, каб аб праблеме спайсаў загаварылі СМІ і інфармацыя дайшла непасрэдна да Лукашэнкі. Гэта скончылася падпісаннем дэкрэта №6 у канцы 2014 года. Усе новыя псіхатропы з таго часу могуць за лічаныя дні ўносіць у наркапералік, а за гандаль істотна ўзмацнілі адказнасць. Яшчэ перад прыняццем дэкрэта пад раздачу пайшлі ўсе актывісты LegalMinsk і кіраўнікі, у тым ліку і, магчыма, карумпаваныя супрацоўнікі КДБ. Тады афіцыйна паведамлялася, што затрыманне чэкістаў здарылася дзякуючы цеснаму ўзаемадзеянню службаў уласнай бяспекі МУС і КДБ.
Тым часам
У хуткім часе можа пачацца суд па яшчэ адной гучнай справе. У снежні 2015 года Следчы камітэт паведаміў пра выкрыццё буйной наркагрупоўкі OrigLegal. Абвінавачванні былі выстаўленыя 14 маладым людзям, старэйшаму з якіх 25 гадоў. Групоўка гандлявала псіхатропамі праз наркафорум. Пакупнікі залічвалі грошы на электронныя кашалькі, пасля аплаты ім паведамляліся адрасы, дзе схаваныя наркотыкі. Фізічнага кантакту з пакупнікамі ў дылераў не было. Перапіскі якасна шыфраваліся. На камп’ютарах у лідараў групоўкі была ўсталяваная аперацыйная сістэма TAILS, якую выкарыстоўваў, напрыклад, Эдвард Сноўдэн.
Вядома ўжо пра некалькі крымінальных спраў, у ходзе якіх выкрылі буйныя наркагрупоўкі сучаснага тыпу, якія распаўсюджвалі псіхатропы.
Прапановаў на рынку не робіцца менш
Ці ўцягнутыя іншыя спецслужбоўцы ў гандаль псіхатропамі — інфармацыі няма. Аднак удар па некалькіх буйных наркагрупоўках сітуацыю карэнным чынам не змяніў. Прапановаў на рынку менш не робіцца.
У асноўным псіхатропы прадаюць праз папулярны наркафорум, на які спажыўцы заходзяць праз ананімайзеры.
1 сакавіка Еўрарадыё налічыла ў раздзеле “Мінск” названага форуму два дзясяткі актуальных аб’яў.
Фота KP.BY, TUT.BY