8 красавіка ў Мінгарвыканкам пададуць заяўку на "Чарнобыльскі шлях"
8 красавіка ў Мінгарвыканкам будзе пададзеная заяўка на традыцыйную вулічную акцыю "Чарнобыльскі шлях". Пра гэта інфармагенцтву БелаПАН распавёў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.
Акцыю плануецца правесці 26 красавіка — у 30-ю гадавіну з дня катасрофы на Чарнобыльскай АЭС. Арганізатары хочуць а 18-й гадзіне сабраць удзельнікаў на пляцоўцы каля прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук, потым арганізаваць шэсце па вуліцы Сурганава да царквы каля парка Дружбы народаў. Там плануецца правесці жалобны мітынг і запаліць свечкі.
Пад заяўкай на "Чарнобыльскі шлях" падпішуцца прадстаўнікі Партыі БНФ, руху "За Свабоду", руху салідарнасці "Разам", Беларускай партыі "Зялёныя", Аб'яднанай грамадзянскай партыі, аргкамітэта партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя", Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).
7 красавіка адбылося пасяджэнне аргкамітэта акцыі. Па словах Янукевіча, аргкамітэт зацвердзіў асноўныя лозунгі акцыі: "Чарнобыль не завяршыўся — катастрофа працягваецца", "Не — Астравецкай АЭС" і "Чарнобыль — 30 гадоў хлусні Крамля і ўлады Аляксандра Лукашэнкі".